Мексіканскі бар у Гродне los Amigos закрываецца. Пра гэта расказалі ў Instagram бара. Установа знакаміта мексіканскай кухняй, антуражам і тэкілай. Ва ўнутраным дворыку на вуліцы Урыцкага, 26 ладзілі мексіканскія пікнікі.
Прычыну закрыцця не называюць. Апошні дзень працы бара — 25 чэрвеня. 19 чэрвеня там прайшла развітальная вечарына.
Зусім нядаўна — 14 чэрвеня — бар затапіла зверху. «Столь павінна была вытрымаць паўтоны вады, але падобна было больш, — і яна лопнула», — пісалі ў Instagram бара.
Бар адкрыўся ў пачатку 2020 года. Установа ўжо аднойчы закрывалася праз пазыкі ў траўні 2022 года. Арэндадаўца зачыніў уладальнікам бара доступ у памяшканне. Ім удалося вырашыць сітуацыю і праз месяц бар адкрыўся зноў. Грошы на арэнду ўладальнікі збіралі ў тым ліку сярод кліентаў і членаў бара праз дэпазіты (іх можна было выдаткаваць у бары пасля аднаўлення працы) і данаты з дапамогай іншых гродзенскіх бараў.
За час працы бара ўнутраны дворык каля Los Amigos стаў папулярным месцам для фота: на адной са сцен вісіць вялікі ворсавы ўзорысты дыван, на другой — малюнак, у арцы нацягнутыя вяроўкі, на якіх «сушыцца» яркая бялізна.