Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава апублікавала ў сябе ў канале “афіцыйную заяву”. У ёй яна просіць прабачэнне ва “ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам”. Раней Бондарава ўступіла ў канфлікт з кіраўніком абласной міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым.
“Прашу прабачэння ва ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам або неабгрунтаванымі прэтэнзіямі: дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Дадам, што мы працягнем сваю стваральную дзейнасць, накіраваную на барацьбу з нацызмам, перапісваннем і фальсіфікацыяй гісторыі і на абарону дзяцей, і на асвету грамадства ў інтарэсах дзяржавы”, – сказала яна ў відэа.
Пад барацьбой з нацызмам Бондарава звычайна разумее барацьбу з праявамі беларускай мовы і культуры.
Вольга Бондарава – праўладная актывістка, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, з грамадскімі актывістамі, а таксама з кніжкамі, мастакамі и монстрамі. Дамагалася дэмантажу помніка паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве і нават змагалася з удзелам расійскіх выканаўцаў Instasamka і Moneyken на фестывалі Viva Braslav 2023. У сваім Telegram-канале яна часта звяртаецца да абраз. З верасня 2023 – студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
У каментарах да запісу Вольгу пашкадавалі, напісалі, што “абразіцца магла толькі пятая калона”, назвалі яе “смелай жанчынай”, якая “не баіцца назваць рэчы сваімі імёнамі”. Каментатар пад нікам Chicago 264 напісаў: “прабачаю табе, Оля”, а з нікам Коля Белый спытаў: “Эт чё было? Как у меня, что ли?”.
Да чаго падобна відэа Бондаравай
Жанр так званых “пакаянных” відэа шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі пасля пратэстаў праз прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года. На відэазапісах затрыманыя прызнаюцца ў нібыта здзейсненых імі супрацьпраўных дзеяннях і абяцаюць іх не паўтараць. Відэа здымаюць на фоне зачыненых дзвярэй, сцяны, у кабінетах сілавікоў. Часам яны мантуюцца са сцэнамі жорсткіх затрыманняў, накладваецца музычны фон. Відэа распаўсюджваюцца праз Тelegram-каналы сілавікоў, праўладныя каналы і дзяржаўныя СМІ.
Перад кім яна можа каяцца?
У адной з нядаўніх публікацый у сваім канале Бондарава напісала, што кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачванні. Яна запатрабавала ад кіраўніка абласной міліцыі прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачванні.
З яе словаў, Разянкоў нібыта абвінаваціў Бондараву ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і накіраваных на захоп улады сілавым шляхам, а таксама ў працы на замежныя спецслужбы». Пра гэта Бондарава даведалася ад чалавека, які быў у Разянкова на прыёме. Яе абразіла меркаванне, быццам бы яна “другі Ціханоўскі”, абражае Юрыя Караева і Уладзіміра Караніка, і што “праз такіх, як яна, адбыўся дзяржаўны пераварот”. Жанчына заявіла, што “адчувае іспанскі сорам” і прапанавала Разянкову сустрэцца «каб расставіць усе кропкі над “i” і не вяртацца да гэтага пытання”. У лісце яна падпісалася так: «Ольга Бондарева, общественный деятель, гражданин Республики Беларусь, ябатька».
Раней Бондарава канфліктавала таксама з дэпутатам Ігарам Марзалюком, назваўшы некаторыя яго выказванні ў абарону беларускай мовы “нацысцкім дном”, з намесніцай старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святланай Вараніцай, з удзельнікамі праўладных чатаў.



