Двухпавярховы будынак былога аэрапорта з дыспетчарскай вежай каля Юбілейнага возера ў Гродне паўторна выставілі на аўкцыён. Пакупнік можа пераабсталяваць яго пад адміністрацыйныя ці гандлёвыя мэты, паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.
Аўкцыён адбудзецца 20 ліпеня ў будынку камітэта «Гроднааблмаёмасць» па вуліцы 17 Верасня, 39. Заявіцца на яго можна да 14 ліпеня да 16.00. Стартавая цана — 466 167,16 руб.
Гэта не першая спроба прадаць будынак. Аўкцыён ужо анансавалі летась — але безвынікова.
З дыспетчарскай — у аб’ект адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння
Агульная плошча двухпавярховага цаглянага будынка — 644,2 кв.м. Там ёсць склеп і склад. Незвычайная дэталь — зашклёная дыспетчарская вышка на даху. Да будынка прылягае заасфальтаваная тэрыторыя плошчай амаль 705 кв.м.
Паводле ўмоваў аўкцыёну, будучы ўладальнік павінен рэканструяваць будынак пад аб’ект адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння: за год трэба зацвердзіць праект рэканструкцыі, капітальнага рамонту ці мадэрнізацыі нерухомасці. Увесці аб’ект у эксплуатацыю неабходна не пазней за тры гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу.
Чытайце таксама: У Гродне ліквідуюць «Асацыяцыю аматараў авіяцыі»
Раней тут ляталі самалёты
Адміністрацыйны будынак савецкай эпохі знаходзіцца на вуліцы Суворава, 167А. Там у пачатку XX стагоддзя пабудавалі першы ў Беларусі аэрадром — «Караліно». Першапачаткова ён быў вайсковым, але ў 1950-х тут адкрылі грамадзянскі аэрапорт. Пазней — у 1970 — пабудавалі дыспетчарскую.
Адсюль можна было паляцець у Мінск, іншыя раённыя і абласныя цэнтры Беларусі, Маскву, Кіеў і на адпачынак у Крым. У канцы 1983 года адкрыўся новы аэрапорт у Абухаве, а стары закрыўся.
Побач з былым аэрадромам у Караліне сёння размяшчаецца Гродзенскі аэраклуб.