Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» ліквідуюць у Гродзенскім абласным судзе 16 чэрвеня. Фонд праводзіў валанцёрскія летнікі ў Крэве. Там знаходзіцца адзін з самых старажытных замкаў, адкуль уцякаў Вітаўт, дзе задушылі Кейстута і падпісалі Крэўскую унію.
UPD 11 жніўня. Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда з 26 чэрвеня. Пра гэта стала вядома з сайта Адзінага дзяржаўнага рэестра.
Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Юрый Карэцкі.
Арганізацыя зарэгістраваная ў 2005 годзе ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна. Галоўнай мэтай яна называла садзейнічанне захаванню Крэўскага замка. Фонд праводзіў летнікі, археалагічныя лагеры і культурныя мерапрыемствы ў Крэве і іншых населеных пунктах.
Чым займаўся фонд?
Напрыклад, разам са Смаргонскім райвыканкамам і Крэўскім сельсаветам у 2011 годзе правялі валанцёрскі летнік і «Крэўскі кірмаш». На ім узнагародзілі паэта Уладзіміра Някляева. На свята прыехалі 300 чалавек.
Валанцёрскія летнікі праходзілі практычна кожны год. Валанцёры прыбіралі габрэйскія могілкі ў Крэве, праводзілі раскопкі гарадзішча і працы па кансервацыі рэшткаў Крэўскага замка. Усе археалагічныя работы праходзілі ў партнёрстве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
З 2018 года фонд выпускаў альманах «Kreva Incognita». Задачай было паказаць разнастайнасць Крэва і вызначыць перспектывы для стварэння новых музейных аб’ектаў, якія маглі б прыцягнуць турыстаў.
Дзейнасць у апошнія гады
У 2020 і 2021 годзе фонд праводзіў у Крэве археалагічныя экспедыцыі, пра што даваў справаздачу ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Дырэктар і бухгалтар фонду працавалі на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы зарплату.
Гісторыя замка
Руіны Крэўскага замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Гэта адзін з найстаражытнейшых замкаў на тэрыторыі былога ВКЛ. У 1383 годзе з яго ўцёк палонны Вітаўт. Яго бацьку, Кейстута, прэтэндэнта на трон, задушылі ў замку па загадзе Ягайлы. 14 жніўня 1385 года там падпісалі Крэўскую унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.
Ліквідацыя
У 2021 годзе ў Беларусі па іску ад Мінюста ліквідавалі фонд «Шчорсы і Храптовічы», які клапаціўся пра лёс сядзібна-паркавага комплексу XVIII стагоддзя ў Шчорсах пад Навагрудкам. Да гэтага фонд з уладамі Навагрудскага раёна выйгралі грант ад Еўрасаюза для трансгранічнага праекта па захаванні сядзібы і мясцовай культурнай спадчыны. Таксама ліквідавалі мясцовы дабрачынны фонд «Наша Карэліччына». Дзіцячая пісьменніца Ілона Караваева ліквідавала фонд «Ратуючы спадчыну», які збіраў сродкі на рэканструкцыю сінагогі XVII стагоддзя ў Слоніме. Ёй перашкодзілі вайна і санкцыі.
Чытайце таксама:
- Экскурсавод едзе 23 км дзеля 40 хвілін працы. У Крэве для турыстаў адкрылі адзін з найстарэйшых замкаў ВКЛ
- Камяні, цэгла, мазаіка. Тры пытанні да гісторыка Чарняўскага ў сувязі з рэстаўрацыяй Крэўскага замка
- Як будзе выглядаць Крэўскі замак, калі яго адновяць
UPD 8 чэрвеня. Людзі, прыбліжаныя да фонда, паведамілі, што ён на гэтым этапе не зацікаўлены ў пашырэнні нейкай інфармацыі. Але паведамілі, што галоўную мэту яны выканалі - прыцягнулі ўвагу да праблем замку. Астатняе — за дзяржавай.