Вытворчасць RDF-паліва ў Гродне плануюць пачаць у канцы лета 2023 года. Вырабляць яго будуць на смеццеперапрацоўваючым заводзе, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс». Набываць RDF-паліва будзе Краснасельскі цэментны завод.
На заводзе змогуць выпускаць 27,7 тысяч тон RDF, палічыў інстытут «Белкамунпраект». Калі ўлічыць, што паліва сухое, а на палігон паступае вільготнае смецце, то штогод можна будзе перапрацоўваць 36−38 тыс. тон адкідаў.
«Гэта значыць, укараненне гэтай лініі дазволіць скараціць пахаванні на палігоне на 36 — 38 тысяч тон штогод», — сказаў дырэктар Гродзенскага завода па ўтылізацыі і механічнай сартыроўцы адкідаў Вячаслаў Андрэеўскі.
Што такое RDF-паліва?
RDF-паліва, або Refuse Derived Fuel, — паліва, якое складаецца з пакінутых пасля сартавання адкідаў. Яго вырабляюць з адкідаў, якія застаюцца пасля адбору другаснай сыравіны і арганікі. У іх лік уваходзяць матэрыялы, якія не перапрацоўваюцца, а таксама тыя, якія можна перапрацаваць, але яны моцна забруджаныя. Рэшткі здрабняюць і прэсуюць у гранулы і брыкеты.
Спажыўцамі RDF-паліва з’яўляюцца, перш за ўсё, цэментныя заводы і металургічныя печы. Абсталяванне такіх прадпрыемстваў дазваляе спальваць паліва пры высокіх тэмпературах, што зніжае колькасць шкодных рэчываў у выкідах. Выкарыстоўваць такое паліва пры больш нізкіх тэмпературах небяспечна для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Менавіта таму нельга выкарыстаць RDF-паліва ў камунальных печах, кацельных.
Эколагі супраць RDF-паліва
Пра вытворчасць RDF-паліва ў Гродне казалі з 2016 года. Але толькі ў 2022 годзе пачалі пастаўку і наладку абсталявання. Эколагі выступаюць супраць такога паліва: яго выраб і выкарыстанне можа быць небяспечным для здароўя і навакольнага асяроддзя.