У Слоніме зацвердзілі праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы „Альберцін“». У яго ўваходзіць сядзібны дом Пуслоўскіх, два флігелі, стайня, брама і сядзібны парк на вуліце Калгаснай.
Асобна ўзялі пад ахову скульптуры «Львы» і «Вазы» пры ўваходзе ў сядзібу, Слонімскую ГЭС пачатку XIX — XX ст., гістарычнае брукаванае пакрыццё дарогі і галечнае пакрыццё паркавых алей.
Комплексу прызначылі катэгорыю аховы «2» — эта выдатныя каштоўнасці, якія характарызуюць найбольш адметныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны ўсёй рэспублікі.
Што забаранілі рабіць у сядзібе
Тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначылі ў межах гістарычнай захаванай тэрыторыі сядзібы, з ёй жа супадае ахоўная зона.
Зараз там забаронена:
- знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану будынкаў і навукова неабгрунтаванае змяненне іх фасадаў і пагаршэнне ўмоў успрымання;
- рамонтна-рэстаўрацыйныя работы без узгодненай навукова-праектнай дакументацыі;
- узвядзенне новых пабудоў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы на падставе архіўных матэрыялаў, будаўніцтва ці рэканструкцыя падземных інжынерных камунікацый;
- рэканструкцыя ці рамонт існуючай забудовы са змяненнем яе габарытаў у плане, павелічэннем вышыні і з дысгарманічнымі матэрыяламі і колерамі;
- рэканструкцыя і мадэрнізацыя дысгарманічнай забудовы з павелічэннем яе аб’ёму і без прыняцця мер па дэмантажы ці нейтралізацыі ў наваколлі;
- вонкавая рэклама, якая шкодзіць візуальнаму ўспрыманню гістарычнай каштоўнасці;
- добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання гістарычнай планіроўкі, гістарычнага пакрыцця дарог і без ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
- высечка дрэў - акрамя прызнаных небяспечнымі і санітарных рубак.
Праект вызначае ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці, зону рэгулявання яе забудовы і зону аховы яе ландшафту.
На тэрыторыі сядзібнай забудовы ўздоўж вул. Паркавай да галоўнай брамы і ўздоўж вул. Калгаснай забаранілі ўзводзіць будынкі і дабудоўваць існуючыя вышэй за 9 м і тыя, што па маштабу і архітэктуры не адпаведае гістарычнаму асяроддзю. Забаронена размяшчаць прадпрыемствы і склады, якія павялічаць грузапаток і забруджванне. З боку вуліц Паркавай і Калгаснай нельга ставіць агароджу, празрыстасцю меньшую за 50%, вышэйшую за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных формаў, матэрыялаў і колераў.
Ад вул. Паркавай да мяжы Слонімскага кардонна-папяровага завода «Альбярцін» забаронена будаўніцтва, акрамя некапітальных (без падмурка) экскурсійна-турыстычных пабудоў, дзіцячых пляцовак і рэканструкцыі падземных інжынерных камунікацый.
Паміж сядзібай і берагавой лініяй Альбярцінскага возера дазволены толькі некапітальныя аб’екты
добраўпарадкавання берагавой лініі з ужываннем традыцыйных матэрыялаў і колераў.
Праект зон аховы распрацаваў ІП Уладзіслаў Рута на заказ Слонімскага міжгаліновага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў.
Гісторыя сядзібы
Палацава-паркавы ансамбль Пуслоўскіх «Альбярцін» — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў стылі позняга класіцызму. Знаходзіцца ў Слоніме на беразе ракі Іса. З’явіўся ў першай палове XIX ст. як рэзідэнцыя слонімскага павятовага маршалка Войцеха Пуслоўскага. Сядзіба і возера названыя ў гонар аднаго з яго сыноў. Аўтарам львоў каля ўвахода з’яўляецца італьянскі скульптар Антоніо Канова.
Сядзіба «Альбярцін» і прылеглы да яе парк захаваліся амаль без зменаў. У савецкі час у палацы размяшчалася бальніца, зараз — Дом культуры, моладзевы цэнтр і гарадская бібліятэка. У флігелі размяшчаецца фізкультурна-спартыўны клуб папяровай фабрыкі «Альбярцін».
З нагоды таго, што будынкі комплексу не мелі ахоўнай катэгорыі «0», «1», «2», у 2018 годзе Міністэрства культуры не знаходзіла прававых падстаў для прапановы па фінансаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці і накіравання на работы бюджэтных сродкаў. Слонімскі райвыканкам падаваў заяўкі на ўдзел у трансмежавых праектах і на атрыманне грантаў для захавання сядзібы.
У 2019 годзе пракуратура Гродзенскай вобласці выявіла, што сядзібу трэба тэрмінова рэканструяваць.
Чытайце таксама: У Слоніме зноў прадаюць сінагогу XVII стагоддзя. Папярэдняя ўладальніца адмовілася ад будынка з-за санкцый і вайны