Музыка Ігар Банцэр выйшаў з псіхлячэбніцы ў Варшаве. У ёй ён правёў месяц. Музыканту паставілі дыягназ – F31.1 «Біпалярнае афектыўнае расстройства, бягучы эпізод маніі без псіхатычных сімптомаў». Пра гэта ён распавёў у сваім Facebook.

На працягу лячэння музыканта ставілі і “шызафрэнію”. “Падобна на тое, мне пашанцавала, што мяне выпісалі з псіхіятрычнай бальніцы ўсяго праз месяц. Я цаню “медыкаментозную” тэрапію (аланзапін х 20 мг/ сут; вальпроевая кіслата х 1000 мг/сут; атыван х 2,5 мг/сут) для чалавека, які цвярозы апошнія 14 гадоў і ніколі ў сваім [не]святым жыцця не ўжываў наркотыкі…»

Ігар Банцэр – лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Стрэйтэджар – не есць мяса, не ўжывае алкаголь, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў. Яго асудзілі да паўтара года “хіміі” за нібыта хуліганства. З’ехаў з Беларусі пасля шэрагу адміністрацыйных спраў.

Як Банцэр трапіў у псіхлячэбніцу

Па словах яго сяброў, Банцэр быў у офісе для людзей з інваліднасцю, каб дапамагчы аднаму са сваіх сяброў вырашыць пытанні. Яго затрымала паліцыя, якую выклікалі нібыта праз ягоны голас, знешнасць і ўсходнееўрапейскі акцэнт. У паліцэйскіх жа актах напісана, што ён кідаў крэслы ўнутры офіса і паводзіў сябе агрэсіўна.

Сам Банцэр абяцаў звярнуцца да суда па факце яго затрымання.

Прызнанне ў гвалце

У пачатку траўня Банцэр напісаў пост на Facebook, дзе прызнаўся ў гвалце ў дачыненні да сваёй дзяўчыны. Ён падрабязна апісаў, як біў яе, сілком утрымліваў і ўжыў газавы балончык. Пазней ён выдаліў пост. Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася да фігурантаў гісторыі і да юрыста. Мы будзем абнаўляць тэкст пазней.

UPD 8 чэрвеня. Банцэр адзначыў, што перажывае цяжкія дні пасля таго, як яму дыягназавалі БАР. Ён не ведае, як будзе жыць далей. Ён плануе напісаць заяву па факце яго затрымання і будзе дамагацца кампенсацыі.

Музыкант сказаў, што не выдаляў пост з прызнаннем. Яго прыбраў алгарытм Facebook праз паўтара сутак праз парушэнне прыватнасці – Ігар размясціў дадзеныя сваёй ID-card. Ва Instagram пост быў два с паловай тыдні.

“Я напісаў пост, каб папрасіць прабачэння ў чалавека, які падтрымаў мяне ў трудную хвіліну. Калі я быў пад ціскам абставін, жыццёвай сітуацыі ў (вымушанай) палітэміграцыі з мінімальнай падтрымкай і здрадамі людзей, якіх я лічыў сябрамі. Я не вытрымаў ціску і сарваўся. Такое не магло здарыцца ў маёй галаве. Чаму адбылося ў рэальнасці – ня ведаю дасюль…

Я лічу сябе ахвярай псіхафабіі і лічу патрэбным, каб паўз мой выпадак дыскусія пра праблемы людзей з ментальнымі праблемамі сталася больш цывілізаванай і ў беларускіх СМІ. Стыгматызацыя людзей з ментальнай непаўнаспраўнасцю можа прывесці да непапраўных здарэнняў, таму давайце зважаць на словы і больш эмпатычна падыходзіць да сяброў ці блізкіх якія могуць мець праблемы з ментальнымі здароў’ем”, – сказаў Ігар.

Яго дзяўчына не звярталася ў нейкія інстацыі. Яна паведаміла, што не разумее, як сітуацыя са шпіталізаваннем звязаная з ёй. Яна не здымала пабоі, паколькі “гэта не мела б ні найменшага сэнсу”.

Крымінальная справа ў Беларусі

“Калі чалавек здзейсніў дзеянні, якія могуць быць судом прызнаны злачынствам супраць здароўя і жыцця асобы, крымінальная справа можа быць распачата не інакш, як па заяве пацярпелага. Пакуль не звернецца пацярпелы бок, гэта немагчыма. Так, прынамсі, па беларускім заканадаўстве”, – паведамілі Hrodna.life ў службе юрыдычнай дапамогі “Вясны”.

Але бывае, што пракуратура ўзбуджае справу і без заявы. Сітуацыю апісала “Зеркало”.

Крымінальная справа ў Польшчы

Згодна з польскім заканадаўствам, злачынствы паводле арт. 207 КК, якія тычацца жорсткага абыходжання з блізкім чалавекам, пераследуюцца аўтаматычна. Гэта азначае, што ў выпадку паведамлення паліцыі або пракуратуры, гэтыя органы будуць абавязаны распачаць вытворчасць па справе. Апавяшчэнне аб правапарушэнні можа быць накіравана непасрэдна ў пракуратуру. Паліцыі пра сітуацыю можа паведаміць вусна (у паліцэйскім участку), па тэлефоне ці пісьмова, распавяла Іаланта Гавэнда, экспертка па барацьбе з гвалтам і віцэ-прэзідэнтка арганізацыі “Feminoteka”.

Што кажа паліцыя?

Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася па каментар да польскай паліцыі. У адказ на электронны ліст паведамілі, што не каментуюць акалічнасці затрымання асоб, названых па імені.

Чытайце таксама: «Усе параўнанні на карысць польскага». Ігар Банцэр расказаў, чым псіхіятрычны шпіталь у Польшчы лепш за беларускі