Забудоўшчык выбраў назву для будучага жылога комплекса на вуліцы Магістральнай, каля паліклінікі № 5. Яго вырашылі назваць «Бона» ў гонар каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца.
Конкурс на назву новага жылога комплекса на Магістральнай абвесціла ў сваім Telegram-канале брэсцкая фірма PObudowa («Палессежылбуд»).
Сярод прапанаваных падпісантамі варыянтаў былі імёны гістарычных асобаў, звязаных з Гродна, ЖК «Бугорок», «Магистр» і падобныя — паводле назвы вуліцы, і «станоўчыя прыгожыя словы» (так акрэсліла іх адна з аўтарак) кшталту «Абрикос», «Мальдивы» і «Престиж».
Забудоўца спыніўся на варыянце «Бона». «Тым самым мы звяртаем увагу на важную гістарычную асобу, якая кардынальна паўплывала на развіццё Гродна», — пакаментаваў свой выбар забудоўшчык. Раней паведамлялі, што ўдзельніку, чыю назву абяруць, падораць дызайн-праект любога памяшкання.
Цагляны 10-павярховы дом будзе складацца з 2 сумежных секцый, якія ўтвораць закрытую дваровую прастору. Будзе 3 пад’езды. Частка кватэр будзе са свабоднай планіроўкай. На першым паверсе плануюць размясціць офісы, памяшканні для мыйкі лапаў жывёл, вазковыя і пакоі маці і дзіцяці. У каларыстыцы, размяшчэнні вокнаў і сілуэце будынка архітэктары спрабавалі пераасэнсаваць архітэктурную спадчыну Гродзенскай вобласці: Мірскі замак, царкву ў Мураванцы, Стары замак у Гродне.
Будаўніцтва плануюць пачаць летам 2023 года і завяршыць у 2024 годзе.
Дачка міланскага герцага Бона Сфорца стала жонкай караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І у 1518 годзе. Яна была ўдвая маладзейшай за яго. Пры яе падтрымцы быў выдадзены Першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, праводзіліся рэформы.
Бона Сфорца набыла ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства. Яна прывезла сюды невядомыя раней гародніну і садавіну, усталявала звычай есці відэльцам і трымаць пакаёвых птушак, стала заканадаўцай моды.
У Гродне на яе загад забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта.
З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. Таксама Бона фундавала грошы і на Фару Вітаўта і прафінансавала са скарбу стварэнне ў Гродне першага шпіталя пры кляштары і касцёле Святога Духа на сучаснай Савецкай вуліцы. Будынак стаіць там дасюль.
У 2019 годзе гродзенцы стварылі петыцыю аб ушанаванні каралевы Боны ў гарадской прасторы. Гарадскія ўлады згадзіліся, што гэта важна, дадалі Бону Сфорца ў адмысловы спіс, але прызналі, што грошай на ўсталяванне ў Гродне шыльды ці помніка пакуль няма.
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…