Рэспубліканскі агляд санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2022 год прайшоў у Беларусі. Сярод пераможцаў няма ніводнага горада ці мястэчка з Гродзенскай вобласці. У адну з намінацый патрапіла Вялікая Бераставіца, але не з самым лепшым вынікам.

Самы ўпарадкаваны – Брэст
Гарады размеркавалі па пяці катэгорыях. На першым месцы Брэст, які атрымаў 305 балаў. Горад атрымае ўзнагароду – 8 тыс. базавых велічынь (296 тыс. рублёў). У другой катэгоры – Мазыр (233 бала) і Бабруйск (231 бал). Яны атрымаюць па 3 тыс. базавых велічынь (111 тыс. рублёў).
- Брэст – 305 балаў
- Мазыр – 233 бала
- Бабруйск – 231 бал
- Жабінка – 262 балы
- Маларыта – 252 балы
- Глыбокае – 236 балаў
- Брагін – 230 балаў
- Белынічы – 230 балаў
- Чэрыкаў – 216 балаў
- вёска Махро – 181 бал
- вёска Лясковічы 168 балаў
- аграгарадок Дабрамыслі 169 балаў
- аграгарадок Ахрэмаўцы 159 балаў
Вялікую Бераставіцу і яшчэ 10 гарадоў адзначылі за павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання тэрыторый. Сярод 11 гарадоў Бераставіца на восьмым месцы (212 балаў). На першым – Бяроза (230 балаў), на апошнім аграгарадок Туголіца (151 бал) у Бабруйскім раёне.
- Бяроза – 230 балаў
- Петрыкаў – 230 балаў
- Кобрын – 228 балаў
- Полацк – 228 балаў
- Ворша – 227 балаў
- Янавічы – 215 балаў
- Целеханы – 212 балаў
- Вялікая Бераставіца – 212 балаў
- аграгарадок Гарбаха – 155 балаў
- аграгарадок Вішаў – 152 балы
- аграгарадок Туголіца – 151 бал.
Што ацэньвае журы
Агляд праводзяць штогод. У ім прымаюць удзел усе населеныя пункты Беларусі. Асноўныя паказальнікі: вуліцы і іх пакрыццё, асвятленне, колькасць грамадскіх прыбіральняў, стан фасадаў будынкаў, колькасць зачыненых пад’ездаў з выкарыстаннем кодавых і дамафонных сістэм, колькасць адрамантаваных пад’ездаў у дамах.
У іншых рэйтынгах – Гродна ў лідарах
З 2018 года “Цэнтр новых ідэй” складае рэйтынг беларускіх гарадоў. Эксперты ацэньваюць такія паказчыкі: дэмаграфічная ўстойліваць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі. У гэтым рэйтынгу Гродна стабільна займае другое месца сярод найлепшых для жыцця беларускіх гарадоў, разам з ім у першай тройцы Мінск і Брэст. Аднак у рэйтынгу за 2022 год Гродна адначасова апынуўся антылідарам па рэпрэсіях.


