Памерлы ў калоніі Вітольд Ашурак пасмяротна ўзнагароджаны медалём ордэна Пагоні ад Рады БНР. Рэгіна Лавор была вымушаная пакінуць Беларусь. 25 кніг Дзяніса Івашына знішчылі сілавікі - іх забралі падчас ператрусу. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 15 па 21 мая.
Верагодна, палітвязень Дзяніс Івашын зноў у ШІЗА
«На жаль, Дзяніс Івашын мне ўчора так і не патэлефанаваў, хаця ўсе іншыя ахвочыя вязьні 11 атрада зьвязваліся з сваякамі. З гэтага мы робім выснову, што нашага ваяра зноўку кінулі ў ШЫЗА, засталося толькі пацьвердзіць гэта», — напісала жонка палітвязня Вольга 16 траўня.
Калі менавіта і на колькі яго змясцілі ў ШІЗА, невядома.
Новыя палітвязні
Алег Завадскі, Аляксей Мандзік і Аляксей Ткачук з Гродна, Юрый Брэйва з Ліды прызнаныя палітвязнямі.
Новыя «тэрарысты»
Пастэрняк Аляксандр Аляксандравіч, Ботвіч Сяргей Лявонцьевіч, Хлус Артур Генадзьевіч 18 мая папоўнілі спіс «тэрарыстаў».
Суд за боепрыпас
Аляксей Ткачук асуджаны за захоўванне вучэбнага боепрыпасу па ч.2 арт. 295 КК да шасці гадоў пазбаўлення волі. Прызначана загадзя больш жорсткае пакаранне, чым звычайна практыкуецца па падобных справах, паведамляе «Вясна».
Вітольд Ашурак, які памёр у калоніі, пасмяротна ўзнагароджаны медалём ордэна Пагоні ад Рады БНР
Узнагароду сябры Рады БНР Яўген Вапа і Аляксей Дзікавіцкі перадалі брату Вітольда Андрэю Ашурку.
Такую ж узнагароду «завочна» атрымаў палітвязень журналіст Дзяніс Івашын. «Хацелася б яшчэ раз падзякаваць за гэтае прызнаньне заслугаў і значнасьці асобы Дзяніса для Беларусі і дасягненьня яе лепшай прышласьці!» — напісала яго жонка Вольга.
П’яны гродзенец ударыў міліцыянта па назе — яму пагражае да сямі гадоў калоніі
34-гадовы гродзенец 15 траўня, будучы затрыманым за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы, ударыў міліцыянта па назе. Гэта палічылі гвалтам у дачыненні да міліцыянта. Узбудзілі крымінальную справу па арт. 364 КК.
Мужчыну ўзялі пад варту.
Пецярбургскаму актывісту працягнулі арышт. Яго абвінавацілі ў сувязях з Украінай
Лефортаўскі суд Масквы на тры месяцы падоўжыў арышт пецярбургскаму актывісту Даніілу Крынары (Кавалеўскаму), якога ў снежні 2022 года экстрадавалі з Беларусі ў Расію, паведамляюць праўладныя Telegram-каналы.
Крынары быў затрыманы 21 снежня 2022 года ў Гродне. Па версіі следства, Крынары датычны да фарміравання агентурнай сеткі, якая хацела падарваць некалькі аб’ектаў у Гродне.
Пасля перасячэння беларускай мяжы затрымалі мужчыну
Ён працуе ў IT-кампаніі ў Польшчы. Мужчыну затрымалі пасля перасячэння мяжы на трасе па дарозе ў Мінск. У 2022 годзе ён у інтэрнэце пісаў абразлівыя каментары ў адрас супрацоўнікаў міліцыі і іх сваякоў, і службовых асоб.
Сілавікі паведамілі, што ўзбуджаная справа па трох крымінальных артыкулах і 14 эпізодах.
Рэгіна Лавор была вымушаная пакінуць Беларусь
Стваральніцу і першага дырэктара Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».
«Мне было забаронена ўсё: хадзіць у касцёл, карыстацца прыбіральняй на вуліцы, сустрэчы з мамай і іншымі сваякамі. 12 красавіка мяне забралі з дому ў кайданках нібыта за парушэнне рэжыму, маўляў, не адчыніла дзверы супрацоўніку падчас праверкі. Я знаходзілася ў ШІЗА з 12 па 22 красавіка.
Мяне прымушалі распранацца дагала на відэакамеру, трымалі ў адзіночнай камеры без ацяплення, без матраца, коўдры, бялізны, без прагулак, без перадач, чатыры разы на дзень выводзілі на ператрус у кайданках, два разы за ноч прымушалі ўставаць з ложка і называць сваё імя і артыкул.
22 красавіка я выйшла з ізалятара і адразу з’ехала з Беларусі. Цяпер я вымушаная звярнуцца па фінансавую дапамогу, бо ўцякала толькі з адным заплечнікам", — распавяла Лавор BYSOL.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
- Максіма Гансіеўскага судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя — Максім Галубовіч;
- Юрыя Лагуціна — у судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя — Алена Тоўсцік-Самойла;
- Валерыя Палтарака — у судзе Бераставіцкага раёна. Суддзя — Аляксей Гецьман.
Іх судзілі па 19.11 ч.2 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Суды прайшлі 19 траўня.
25 кніг Дзяніса Івашына знішчылі сілавікі. Іх забралі падчас вобшуку
Падчас вобшуку пры затрыманні журналіста Дзяніса Івашына сілавікі вынялі кнігі. Паводле рашэння суда 25 кніг вырашылі знішчыць. Сярод іх — вайсковы слоўнік, кнігі аб прапагандзе і таталітарызме. Спіс тут.
Цыганскага барона выклікаюць у суд па справе аб ліквідацыі
У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі раённага грамадскага аб’яднання «Ашмянская цыганская абшчына». Ісцец па справе — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Святлана Даўгашэй.
Арганізацыя зарэгістраваная з 2003 года. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 22 чалавекі, у 2014 — 30. Публічных мерапрыемстваў апошнім часам яны не праводзілі.
Таксама праз суд ліквідуюць:
- Грамадскае аб’яднанне «Іўеўская федэрацыя баявых мастацтваў»,
- Грамадскае аб’яднанне «Мерсаводы Ліды».
Гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч стаў «яшчэ небяспечней»
Інтэрнэт-рэсурс MOST і іншыя праекты Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Адпаведнае рашэнне 17 траўня 2023 года прыняла Міністэрства унутраных спраў.
Telegram-канал: у Гродне затрымалі каля 10 чалавек
16 траўня ў Гродне было затрымана каля дзясятка чалавек, паведамляе MAYDAY TEAM. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС Гродна. Працэсам займаліся супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Інфармацыя патрабуе пацверджання.
У Гродне затрымалі начальніцу аднаго з аддзелаў «Прыёрбанка»
Начальніцу аддзела затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама яна нібыта ўступіла ў план «Перамога», зрабіла данат BYSOL і падзяліліся інфармацыяй аб сілавіку.
19 жніўня 2020 года гродзенка адправіла грошы ў BYSOL, каб дапамагчы пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў. Таксама ў 2020 годзе яна напісала ў чат-бот каналу, які дэананімізуе сілавікоў, і дадала інфармацыю пра супрацоўніка міліцыі і членаў яго сям'і. Пазней канал прызналі экстрэмісцкім.
Архіепіскап Антоній прызначыў новага настаяцеля храма Сабора ўсіх Беларускіх святых. Гэта ён сам
Протаіерэй Анатоль Ненартовіч — былы настаяцель царквы на Вішняўцы — пераведзены ў прыход у мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі. Там яго абавязалі пабудаваць храм. Адначасова яго пазбавілі пасад члена епархіяльнага савета і кіраўніка епархіяльнага аддзела па будаўніцтве. Указам ад 7 траўня архіепіскап Антоній прызначыў настаяцелем храма Сабора ўсіх беларускіх святых самога сябе.