У мястэчку Верцялішкі пад Гроднам прадаюць торфабрыкетны завод. Пачатковая цана — 4 млн рублёў (больш за € 1,2 млн). Аўкцыён адбудзецца 6 чэрвеня 2023 года. Інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
Што прадаюць
Уладальнік завода — «Гроднааблгаз». На тэрыторыі завадскога комплекса ёсць пяціпавярховы брыкетны цэх, будынак механічнай майстэрні, лінія па пераапрацоўцы драўляных адкідаў, лінія па транспартыроўцы і адгрузцы тарфяной сушонкі, будынак заводакіравання, склад, масластанцыя. У будынкі праведзены камунікацыі.
Не першая спроба прадаць завод
Першы раз завод у Верцялішках спрабавалі прадаць у красавіку 2023 года. Тады за комплекс хацелі амаль 8 млн рублёў. Але аўкцыён не адбыўся з-за адсутнасці пакупнікоў.
Заводу амаль 70 гадоў
Торфабрыкетны завод у Верцялішках пачалі будаваць ў пачатку 1950-х гадоў. У самім мястэчку здабывалі торф. Калі торф скончыўся, яго пачалі здабываць на Святым балоце побач з Азёрамі. Да яго праклалі вузкакалейку даўжынёй 40 км. У 2010-х гадах завод спрабавалі мадэрнізаваць, але гэта не дапамагло. Апошнія супрацоўнікі сышлі з завода ў пачатку 2023 года.