У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі раённага грамадскага аб’яднання “Ашмянская цыганская абшчына”.

Ісцец па справе – Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя – Святлана Даўгашэй.

Арганізацыя зарэгістраваная з 2003 года. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 22 чалавекі, у 2014 — 30. Публічных мерапрыемстваў апошнім часам яны не праводзілі.

Старшыня абшчыны, ён жа цыганскі барон – Артур Ягораў. Суполка прывозіла на Фестываль нацыянальных культур у Гродне ансамбль “Джана Рома”. Паводле інфармацыі “Гродзенскай праўды“, на Ашмяншчыне жыве больш за 200 прадстаўнікоў народнасці рома. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі – 7079 прадстаўнікоў.

Рома дыскрымінуюць даўно

Былы міліцыянт з Магілёва ў 2019 годзе распавядаў «Свабодзе» пра неафіцыйную праграму Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненні да прадстаўнікоў народнасці рома. Даследаванне грамадскай ініцыятывы Romaintegration пацвярджае гэты факт. Паводле іх інфармацыі, 80% прадстаўнікоў рома ў Беларусі сутыкаліся з затрыманнямі і шматразовай дактыласкапіяй.