З 17 траўня беларускія страхавыя кампаніі перастануць афармляць страхоўкі для выезду за мяжу па “Зялёнай карце”. Узаемнае прызнанне страхавання па “Зялёнай карце” (Green Card) паміж больш чым 30 краінамі Еўропы і Беларуссю спыніцца 1 чэрвеня. Як будзем выязджаць за мяжу пасля гэтай даты і што рабіць, калі памежнік спытае страхоўку?
“Зялёная карта” – гэта страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. У выпадку ДТЗ за мяжой, калі будзе вінаваты застрахаваны, пацярпелы гарантавана атрымае кампенсацыю ад страхавой кампаніі. Агулам у сістэму “Зялёная карта” уваходзяць 48 краін.
Мінімальны тэрмін для страхавання машыны па “Зялёнай карце” – 15 дзён. Таму страхавыя агенты атрымалі загад не афармляць гэты тып полісаў ужо з 17 траўня, піша “Наша Ніва”. Зараз «Зялёная карта» ў Беларусі каштуе 30 еўра.
Тым, у каго дзеянне такой страхоўкі скончыцца пасля 16 траўня, трэба будзе афармляць страхаванне ўжо ў іншых краінах. Полісы можна будзе аформіць пасля перасячэння мяжы. Калі ездзіць за мяжой без страхоўкі, кіроўцу чакае пакаранне.
Колькі каштуе “Зялёная карта” за мяжой
У суседняй Польшчы мінімальны тэрмін, на які можна аформіць страхоўку – 30 дзён. Яе кошт – 37 еўра. Поліс на тры месяцы афармляць больш выгадна – ён каштуе 97 еўра.
У Літве мінімальны тэрмін для страхавання складае 15 сутак. Гэты поліс каштуе 21 еўра. Страхоўка на месяц каштуе 36 еўра.
З 1 чэрвеня замежныя страхавыя кампаніі могуць змяніць тарыфы, мяркуе супрацоўнік беларускай кампаніі.
Калі на мяжы перастануць правяраць страхоўку
Паводле цяперашніх правіл, у кіроўцы аўто на беларускіх нумарах памежнікі патрабуюць «зялёную карту», аформленую ў беларускай страхавой кампаніі.
Яе наяўнасць перастануць кантраляваць з 00:00 17 траўня, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.
Дзе не будуць, а дзе будуць прызнаваць “зялёную карту” з Беларусі
Двухбаковае пагадненне па ўзаемным прызнанні “Зялёнай карты” з Беларуссю разрываюць усе краіны Еўрасаюза і Ісландыя, Нарвегія, Швейцарыя і Вялікабрытанія.
Таксама з 1 чэрвеня перастануць прызнаваць полісы, аформленыя ў Расіі, а ў Расіі не будуць дзейнічаць полісы з Еўрасаюза. Скасаванне пагадненняў звязанае з агрэсіяй Расіі ва Украіне і ўдзелам у ім Беларусі.
Двухбаковыя пагадненні захаваюцца з Албаніяй, Андорай, Босніяй і Герцагавінай, Іранам, Марока, Малдовай, Расіяй, Паўночнай Македоніяй, Сербіяй, Тунісам, Турцыяй і Чарнагорыяй. Спатрэбіцца страхоўка з пазнакай “усе краіны”.
Чытайце таксама:



