Палацава-паркавы комплекс адкрылі пасля рэканструкцыі з частковай рэстаўрацыяй і прыстасаваннем будынкаў пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс «Свяцк». У ім размясцілася гасцініца, SPA-цэнтр, бровар і рэстаран. Сімвалічнае адкрыццё комплексу прайшло 15 траўня.
Завяршылі работы першай чаргі рэканструкцыі, паведамілі ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце. У яе ўваходзіла добраўпарадкаванне тэрыторыі, рэканструкцыя будынка палаца, левы флігель, левая галерэя, правы флігель, правая галерэя, гараж, кузня, грамадскія санвузлы, крама сувеніраў, гасцявы дом, піўны бар, адміністрацыйны будынак, пральня, стайня, інжынерныя сеткі.
Пасля рэканструкцыі ў склад палацава-паркавага комплексу ўвойдуць гасцініца, SPA-цэнтр, рэстаран, бровар, залы для правядзення выстаў, канферэнцый і прэзентацый. У гатэлі змогуць размясціцца 58 чалавек. Пасля рэканструкцыі ў склад палацава-паркавага комплексу ўвойдуць гасцініца, SPA-цэнтр, рэстаран, бровар, залы для правядзення выстаў, канферэнцый і прэзентацый. У гатэлі змогуць размясціцца 58 чалавек. Гасцей комплекс пачне прымаць у канцы траўня.
Уздоўж дарогі ля яблыневага саду, якая вядзе да комплексу, заклалі алею ліпаў. Гістарычна ў гэтым месцы таксама была падобная алея палацавага парку.
Раней таксама ачысцілі ад глею сажалкі, правялі санітарную прыборку вакол вадаёмаў, завяршылі рэканструкцыю водапрапускных збудаванняў, шлюза і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол сажалак.
Работы ў Свяцку вядуць у рамках дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм, за кошт сродкаў прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва, мясцовых бюджэтаў, з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў.
У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур, кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік і памочнік Лукашэнкі Юрый Караеў.
Гісторыя палаца
Палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у вёсцы Свяцк узвёў у 1779 годзе італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Палац — помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Да 2005 года там працаваў санаторый, пасля комплекс быў закінуты.
У 2009 годзе комплекс перадалі ва ўласнасць адкрытага акцыянернага таварыства «Санаторый „Азёрны“». У 2017 годзе пасля навуковых даследаванняў пачалася рэстаўрацыя, рэканструкцыя і падрыхтоўка да ўключэння яго ў турыстычную дзейнасць.
Генеральным падрадчыкам работ выступіў Гроднажылбуд, інжынерная арганізацыя — КУДП «УКБ Гродзенскага раёна», генеральны праекціроўшчык — праектны філіял ААТ «Белрэстаўрацыя».
Комплекс абяцалі адкрыць да 200-годдзя Аўгустовскага канала.