Для Гродна створаць геаінфармацыйную базу дадзеных уліку дарожных знакаў, разметкі і агароджаў. Яна ахопіць 150 км гарадскіх вуліц. Для чаго яна патрэбная і што ў ёй будзе, разбіраўся блог Urban Hrodna.
Базу дадзеных уліку тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху зробяць на аснове актуальных геаметрычных параметраў вулічна-дарожнай сеткі горада і размяшчэння дарожных знакаў, разметкі і дарожных агароджаў. Гэтыя дадзеныя для базы яшчэ трэба сабраць.
Каму і для чаго патрэбна такая база
Такая база можа ўтрымліваць проста мапу з прывязкай элементаў да вуліц у горадзе, або змяшчаць усю магчымую інфармацыю пра стан дарожных элементаў, растлумачыла ўрбаністка Менскай урбаністычнай платформы, да якой мы звярнуліся па каментар.
Яе можа выкарыстоўваць для кіравання гэтай інфраструктурай і дарожным трафікам, догляду і абслугоўвання. Дадзеныя дазволяць бачыць рэальную сітуацыю: дзе чаго не хапае, што трэба аднавіць/прыбраць/дадаць, і г. д. Як раз для такіх мэтаў могуць выкарыстоўвацца такія базы дадзеных за мяжой.
Такая сістэма можа быць зручнай для спецыяльных арганізацый, якія займаюцца дарожных рухам і бяспекай: ДАІ, Белаўтадор, Белгіпрадор, праектыроўшчыкаў-транспартнікаў.
У тэхнічным заданні пазначана, што мэтамі распрацоўкі базы дадзеных з’яўляецца стварэнне:
- адзінай геаінфармацыйнай базы дадзеных схемы арганізацыі дарожнага руху Гродна;
- ортафотапланаў вулічна-дарожнай сеткі Гродна з прасторавым раздзяленнем здымкаў 3 см/px (картаграфічная праекцыя WGS 84 / UTM zone 34N EPSG: 32 634);
- базы дадзеных дарожных знакаў, разметкі і агароджаў з іх геаінфармацыйнай прывязкай.
Якая карысць гараджанам
У апісанні тэндэра няма згадкі наконт агульнага ці свабоднага доступу, таму, імаверна, сістэма будзе недаступнай для звычайных гараджан, звярнула ўвагу ўрбаністка.
Але калі б такая база трапіла ў агульны доступ, то дазволіла б гараджанам ведаць дарожныя абставіны, дзе могуць сустракацца цяжкасці на дарозе, якія ёсць умовы руху згодна з тымі ці іншымі знакамі і г. д. Такія дадзеныя могуць быць цікавыя раварыстам і праектыроўшчыкам роварнай інфраструктуры.
Падобна, што такая база дадзеных з картай можа акрамя ўсяго спрасціць планаванне зменаў у дарожным руху пры рамонтных работах, адзначае Urban Hrodna. Карта з межамі ходнікаў і размяшчэннем апор асвятлення, светлафораў і іншага дапамагла б прааналізаваць і ўдасканаліць зручнасць вуліц для пешаходаў і кіроўцаў.
Зробяць базу дадзеных і карту
Паводле апісання ў тэндары, створаць карту і базу дадзеных інвентарызацыі. Вектарны пласт карты будзе ўтрымліваць геаграфічныя каардынаты:
- ліній краю праезнай часткі з усімі асноўнымі элементамі (астраўкі бяспекі, раздзяляльная паласа, накіравальныя астраўкі і г. д.);
- межаў пешаходных дарожак;
- апор асвятлення, святлафорных калонак, стоек дарожных знакаў, апор для тралейбусных штангаў.
У базе дадзеных інвентарызацыі будуць:
- геаграфічныя каардынаты размяшчэння знакаў, разметкі, агароджаў (картаграфічная праекцыя WGS 84 / UTM zone 34N EPSG:32 634);
- нумары знакаў паводле СТБ 1140−2013, нумары разметкі паводле СТБ 1231−2012;
- для знакаў будзе выява знака, яго тыпапамер, тып і аб’ект, на якім ён мацуецца;
- для разметкі будзе ўказана шырыня палос руху і іншыя геаметрычныя характарыстыкі яе прывязкі, даўжыня і шырыня ў м; плошча ў кв. м.
- для агароджы — яе група, тып і даўжыня ў м;
- вуліца размяшчэння;
- раён размяшчэння;
- наяўнасць дадатковых прылад;
- фатаграфіі знакаў маршрутнага арыентавання, індывідуальнага праектавання або іншых дарожных знакаў, не ўнармаваных у СТБ 1140−2013.
Колькі каштуе і калі зробяць
Замоўца базы дадзеных — камунальнае спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «СМЭП Гродзенскага аблвыканкама». На яе распрацоўку выдаткуюць 65 000 руб. з уласных сродкаў арганізацыі.
Базу дадзеных для Гродна мусяць стварыць да снежня 2023 г.
Чытайце таксама: Дайце нам знак. Хто і як вырабляе дарожныя знакі ў Гродзенскай вобласці