Беларусы зноў паведамляюць аб дбайных праверках на ўездзе ў краіну. Асабліва часта такія паведамленні прыходзіць пра літоўска-беларускую мяжу. Са слоў тых, хто праходзіць мяжу, працуе КДБ: дапытваюць і правяраюць тэлефоны. Напярэдадні кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў аб прадухіленні тэрактаў, якія нібыта спланавалі 9 траўня ў Беларусі.
Беларус распавёў, што 8 траўня ехаў з Літвы ў Беларусь на аўтобусе. Праз які з прапускных пунктаў, ён не ўдакладніў. Яго «вышчамалі» на пашпартным кантролі. 20 хвілін хлопец чакаў мытніка. Той агледзеў яго рэчы. Праз яшчэ 25 хвілін яго павялі ў актавую залу, дзе сядзелі двое ў цывільным.
«Сказалі, што яны памежнікі (хоць 90%, што няпраўда), і пачалі распытваць — куды ездзіў, навошта, з кім сустракаўся. Абгледзелі тэлефон (не хапіла ў мяне смеласці адмовіць). Пыталіся, ці ведаю я Паўла Лібера і яшчэ аднаго чалавека (не запомніў прозвішча). Доўжылася гэта (яны назвалі гэта „гутарка“) хвілін 40+. Я нясмела спрабаваў спытаць чаму ўсё гэта (я не прыцягваўся), але яны нічога не патлумачылі», — напісаў хлопец у адным з чатаў, прысвечаных мяжы.
Пакуль з ім гутарылі, з’ехаў аўтобус хлопца. Аўтобус затрымалі на выездзе з памежнага пункта. У выніку ён спазніўся на дзве гадзіны.
Працуе КДБ
Пра падобнае паведамлялі і іншыя карыстальнікі Telegram. Адзін з іх напісаў, што ў «Каменным Логу» працуе КДБ. Паводле яго, супрацоўнікі выбарачна дапытваюць і глядзяць тэлефоны.
Яшчэ адзін карыстальнік пацвердзіў інфармацыю, паведаміўшы, што з яго аўтобуса «вырвалі» мужчыну. У які бок ён ехаў і праз які пункт пропуску, не ўдакладніў. Іншыя ўдзельнікі чата адзначаюць, што ўнесеных за адміністрацыйны або крымінальны пераслед пасля выбараў у базу «Беспарадкі» па вяртанні ў Беларусь кожны раз чакае асабісты дагляд і гутарка.
Іншыя карыстальнікі таксама паведамляюць, што напярэдадні 9 траўня «вельмі моцна» правяралі ўязджаючых у Беларусь. У прыватнасці, дбайныя праверкі былі ў «Лошы» і «Каменным Логу» на літоўска-беларускай мяжы, польска-беларускай і латвійска-беларускай. Ёсць і новаўвядзенне — пры праходжанні мяжы беларускія памежнікі пачалі прасіць прад’явіць карту пабыта (від на жыхарства ў Польшчы — Hrodna.life). Перасякаючыя мяжу скардзіліся на павольнае праходжанне.
З чым гэта звязана?
Пра падобнае пісалі і іншыя недзяржаўныя беларускія СМІ. Яны звязалі ўзмоцненыя праверкі з заявай кіраўніка КДБ Івана Церцеля аб прадухіленні тэрактаў 9 траўня ў Беларусі. У іх ўжо абвінавацілі Украіну.
Чытайце таксама: