Гродзенскі шклозавод запісваў у дабравольцы, “ГроднаГандальСэрвіс” ехаў “на Берлін”, а тытунёвая фабрыка “Нёман” паказвала вайсковую штодзённасць. У Гродне 9 траўня адбыўся парад стылізаваных аўтамабіляў “Дороги Победы на благо страны”. 

Аўтапарад, кветкі і расійскі сцяг над плошчай Леніна. Як у Гродне адзначаюць 9 траўня
Мітынг на Савецкай плошчы 9 траўня 2023 года. Крыніца: Telegram-канал “Пул 4 регион”

Больш за 20 стылізаваных аўтамабіляў праехалі па вуліцы Дзяржынскага. У кузаве кожнага гродзенскія прадпрыемствы арганізавалі міні-інсталяцыю на тэму вайсковых гадоў. Задума інсталяцый – паказаць вайсковыя часы ад 22 чэрвеня 1941 года да 9 траўня 1945 года. А таксама сучасную Беларусь.

У пачатку аўтакалоны праехаў аўтмабіль ГАЗ-АА. За ім ехалі аўтамабілі гродзенскіх прадпрыемстваў. “Гроднааблгаз” паказаў школьны выпускны 1941 года, Гродзенскі мясакамбінат – першы дзень вайны. Аўтамабіль ад “ГроднаГандальСэрвіса” праехаў з транспарантам “На Берлін!”. Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” паказала вайсковыя будні. 

Падчас шэсця неслі сцягі Расіі і СССР

У канцы аўтакалоны на савецкіх аўтамабілях прывезлі ветэранаў. Яны разам з гродзенскімі чыноўнікамі і прадстаўнікамі духавенства пайшлі да вечнага агню ў парку Жылібера, каб ускласці кветкі перад помнікам партызанам.

Аўтапарад, кветкі і расійскі сцяг над плошчай Леніна. Як у Гродне адзначаюць 9 траўня
Ускладанне кветак да вечнага агню. Крыніца: Telegram-канал “Пул 4 регион”

Пасля гэтага адбылося шэсце ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай. Удзельнікі прайшлі з партрэтамі ветэранаў і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Некаторыя неслі сцягі СССР, а таксама Расійскай Федэрацыі. 

На Савецкай плошчы адбыўся мітынг. Там віншавалі ветэранаў, спявалі песні, таксама выступіла ганаровая варта. 

“Сцяг перамогі” павесілі над драматычным тэатрам

Раніцай 9 траўня на даху драматычнага тэатра памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў падняў “Сцяг перамогі”.

Аўтапарад, кветкі і расійскі сцяг над плошчай Леніна. Як у Гродне адзначаюць 9 траўня
Юрый Караеў вешае сцяг над драматычным тэатрам. Крыніца: Telegram-канал “Пул 4 регион”

Праўладная актывістка Вольга Бондарава з сябрамі зладзілі акцыю “Бессмяротны полк” з савецкімі сцягамі. Некаторыя з удзельнікаў былі ў камуфляжах і цішотках з гербам СССР.

Чытайце таксама: Ретро-авто, концерт Газманова и салют. Как отпразднуют 9 мая в Гродно