Святар Анатоль Ненартовіч больш не настаяцель Cабора Усіх Беларускіх Святых у Гродне. Пра гэта паведаміла актывістка Вольга Бондарава. Праўладныя каналы арганізавалі цкаванне святара. Ён ужо страціў адну з пасад пасля сыходу прадэмакратычнага архіепіскапа Арцемія.
Паводле інфармацыі Бондаравай, Ненартовіча перавялі ў прыход у Пагаранах. Раней падобным чынам паступілі з Георгіем Роем. З Пакроўскага сабора ў Гродне яго накіравалі ў вёску Квасоўка.
Протаіерэю Анатолю Ненартовічу 54 гады. Ён родам са Шчучынскага раёна. З 1990 па 1994 вучыўся ў Мінскай Духоўнай Семінарыі. Пасля быў выкладчыкам у ёй, служыў у Слоніме, Навагрудку, Шылавічах. Вучыўся ў Варшаўскай хрысціянскай тэалагічнай акадэміі, атрымаў ступень магістра багаслоўя. У 2017 годзе скончыў дактарантуру Варшаўскай хрысціянскай тэалагічнай акадэміі, абараніўшы дысертацыю «Адраджэнне царкоўна-пеўчай культуры Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Гродзенскай епархіі ад 2-ой паловы XX стагоддзя».
З 1998 займаецца прыходам Сабора Усіх Беларускіх Святых Гродна, з 2001 года — настаяцель прыхода. Адзін са стваральнікаў Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Дабравест».
З 1999 па 2021 год займаў пасаду сакратара Гродзенскай епархіі. У ліпені 2021 года ён сышоў з пасады. Гэтыя падзеі знаёмыя з сітуацыяй людзі назвалі «зачысткай». Праўладныя актывісты сцвярджаюць, што Ненартовіч падпісаў ліст супраць гвалту, але яго імя няма ў спісе.