6 траўня з Беларусі перастаў адкрывацца інтэрнэт-рэсурс newgrodno.by. Пры спробе ўвайсці з’яўляецца паведамленне, што доступ абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі ў адпаведнасці з Законам аб СМІ.
«Доступ да сайта абмежаваны на тэрыторыі нашай краіны», — распавялі ў рэдакцыі newgrodno.by парталу s13.ru.
Newgrodno.by — адзін з папулярных гарадскіх інтэрнэт-рэсурсаў. У Telegram у іх 18 тысяч падпісчыкаў, у Instagram — 64 тысячы. Рэсурс публікуе некалькі дзясяткаў матэрыялаў штодня. Сеткі не прызнаныя экстрэмісцкімі. Рэдактара сайта Ігара Рэмзіка судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У 2021 годзе заблакавалі доступ да Hrodna.life. У траўні 2022 года доступ быў заблакаваны да інтэрнэт-рэсурсу 015.by, а пазней — да go015.ru, люстэрка сайта 015.by. Цяпер ён не абнаўляецца. У кастрычніку 2022 года таксама перастаў адкрывацца Гродзенскі блог s13.ru.