У Ваўкавыскім РАУС з вакна на чацвёртым паверсе скочыў 24-гадовы хлопец у кайданках. Гэта адбылося 30 красавіка 2023 года. Паводле праўладнага Telegram-канала «ЖС Premium», яго затрымалі за распаўсюд наркотыкаў.
У праўладным Telegram-канале напісалі, што хлопец, нібыта, быў «наркаман са стажам». Акрамя гэтага, ён нібыта працаваў на інтэрнэт-краму «закладчыкам». Раней ён стаяў на ўліку ў нарколага як таксікаман, а некалькі гадоў таму здзейсніў крадзеж з гандлёвых павільёнаў у Ваўкавыску.
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», загінулы — Максім Л. Некалькі дзён таму ён адзначыў дзень нараджэння. Праваабаронцы сцвярджаюць, што яго затрымлівалі ў Ваўкавыску 9 жніўня 2020 года.
Хацеў скончыць жыццё самагубствам
«ЖС Premium» спасылаецца на знаёмых загінулага і сцвярджае, што раней хлопец выказваў жаданне скончыць жыццё самагубствам і ўжо спрабаваў скокнуць з вакна. Пазней ён уладкаваўся на працу ў ваўкавыскі мясакамбінат і планаваў паехаць у Польшчу працаваць кіроўцам.