Лідчанін Леанід Анацка заняў трэцяе месца ў Нью-Ёркскім шасцідзённым марафоне Sri Chinmoy Six and Ten Day Races 2023. Анацка прабег амаль 612 кіламетраў за шэсць дзён. Пра гэта паведаміў Беларускі фонд спартовай салідарнасці.
Лепшы вынік бягуна падчас марафона — 76 міль (больш за 122 км) за 22 гадзіны ў першыя суткі.
Sri Chinmoy Six and Ten Day Races 2023 — гэта забегі на 6 і 10 дзён у адным з паркаў Нью-Ёрку. Мэта — праверыць трываласць бягуноў, іх майстэрства з тэмпам і здольнасць аднаўляцца.
Хто такі Леанід Анацка
Лідчаніну Леаніду Анацку 61 год. Ён пачаў бегаць калі яму было 54 гады. За гэты час ён удзельнічаў у больш чым 80 забегах. У 2018 годзе атлет прабег 602 км і заняў другое месца ў шасцісутачным забегу ў Афінах. У 2019 годзе на марафоне Sri Chinmoy Six and Ten Day Races ён у 10-суткавым забегу прабег амаль 1079 км і стаў другім у абсалютным заліку спаборніцтваў.