Навіны

Гарадскі актывізм: падкаст «Утульны горад» тлумачыць, як звязаныя клумбы, веласцежкі і Новы Свет

Актывізм пачынаецца тады, калі ёсць супольнасць і агульная дзейнасць гэтай супольнасці. А значыць, актывізм можа быць на якім заўгодна ўзроўні - нават самым нізкім. У тэме гарадскога актывізму ў падкасце «Утульны горад» спрабуюць разабрацца Кацярына, вядоўца падкаста «Вясна выйдзе» праваабарончай арганізацыі Вясна, і ананімная экспертка. На жаль, у сучасных умовах размаўляць са спецыяліст_камі па гарадскім актывізме можна толькі на ўмовах ананімнасці.

Слухайце размову пра гарадскі актывізм цалкам або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Дзе пачынаецца гарадскі актывізм?

Экспертка лічыць, што актывізм пачынаецца тады, калі ёсць супольнасць і некаторая агульная дзейнасць гэтай супольнасці. То бок, калі дзве суседкі вырашылі зрабіць клумбу ля пад’езда — гэта можна лічыць гарадскім актывізмам. Паўстае пытанне: ці могуць дзеянні аднаго чалавека, калі яны накіраваныя на нейкую публічную прастору, лічыцца актывізмам? Экспертка сумняваецца ў гэтым. Аднак Кацярына, якая займаецца ў тым ліку праваабарончай дзейнасцю, упэўнена, што нават калі чалавек проста задумвацца аб тым, як было б варта змяніць гарадскую прастору, — гэта ўжо актывізм.

Актывізм, каштоўнасці і прафесійныя супольнасці

Часу да часу з актыўнымі дзеяннямі па зменах (ці супраць прапанаваных зменаў) выступаюць людзі, для якіх канкрэтная частка асяроддзя прадстаўляе асаблівую каштоўнасць.

Напрыклад, супольнасць раварыстаў, якая першапачаткова магла быць проста гуртком па інтарэсах, разумее, што ім патрэбныя роварныя сцежкі, каб больш камфортна перасоўвацца па горадзе. Гурток па інтарэсах пераўтвараецца ў нейкі рух ці нават афіцыйную арганізацыю. Чальцы таварыства пачынаюць звяртацца ў адміністрацыю, збіраць подпісы, самі распрацоўваюць нешта. Усё гэта можна лічыць паўнавартасным гарадскім актывізмам.

Бывае так, што прафесійная супольнасць, якую раней не асабліва хваляваў гарадскі дабрабыт, яднаецца на тых жа агульных каштоўнасцях. Напрыклад, калі гісторыкі выступаюць за аднаўленне якога-небудзь архітэктурнага помніка. Або калі супольна бароняць гісторыка-культурныя каштоўнасці ад руйнавання. Так было, напрыклад, з раёнам Новы Свет, калі прафесійныя гісторыкі і аматары ладзілі разнастайныя акцыі, каб захаваць чарговы дом, што ўлады вырашылі зруйнаваць.

Экспертка лічыць, што гэта цалкам натуральны працэс, калі людзі, якія маюць супольныя каштоўнасці і працуюць у адной сферы, адстойваюць тое, што для іх важна. Як раварысты — сцежкі, так гісторыкі - Новы Свет.

«Прафесійныя» актывісты

Да 2020 года ў Беларусі існавала шмат разнастайных НКА (некамерцыйных арганізацый), якія займаліся гарадскімі справамі. Некаторыя з іх дагэтуль працягваюць сваё існаванне: у Беларусі, ці за мяжой. У НКА працуюць у тым ліку людзі, для якіх актывізм — асноўны занятак у жыцці.

Разнастайныя акцыі, імпрэзы і адукацыйныя мерапрыемствы — гэта ўсё іхная справа. Аднак, «прафесійныя актывісты» часта сустракаюцца з праблемай выгарання. Калі НКА не мае дастатковага фінансавання, каб забяспечыць супрацоўнікаў прыстойнымі заробкамі, супрацоўнікі маюць яшчэ працу апрача актывізму. Да таго ж, у некамерцыйнымі сектары ўвесь час даводзіцца сутыкацца з расчараваннямі: чарговы няўзгоднены праект, чарговы канфлікт з гараджанамі, чарговы раз ціск з боку ўлады.

Атрымліваецца, што людзі, якія значную частку жыцця прысвячаюць актывізму і маюць пэўныя навыкі па тым, як камунікаваць з адміністрацыяй, бізнесам і супольнасцямі, не маюць на гэтыя дзеянні аніякіх сіл.

Механізм кааптацыі і актывісты на дзяржслужбе

Кааптацыя — гэта паліталагічны тэрмін, які азначае імкненне сістэмы пускаць унутр тых, хто зʼяўляецца патэнцыйным праціўнікам існуючага ладу рэчаў. Кааптаваны праціўнік можа і працягне змагацца за свае каштоўнасці, але будзе вымушаны гуляць па правілах існуючай сістэмы, а не руйнаваць іх.

Так, у шмат якіх краінах неабыякавыя да гарадскіх спраў людзі трапляюць у адміністрацыю горада. Яны разумеюць, якія існуюць праблемы і на што варта звярнуць увагу. Апынуўшыся на якой-кольвек пасадзе, яны будуць намагацца тыя самыя праблемы вырашыць. Гэта добра для ўстойлівасці палітычнай сістэмы, бо канфліктаў няма, і ўсе пры справе. Гэта добра і для саміх неабыякавых грамадзян, якія маюць магчымасць паспрабаваць нешта змяніць уласнымі рукамі, пры гэтым маючы на ўвазе, якія абмежаванні мае дзяржаўны апарат.

Так здараецца не толькі ва ўмоўных краінах «развітой дэмакратыі». Па словах нашай эксперткі, такое дакладна бывала і ў Беларусі, а магчыма застаецца і дагэтуль. Ад часу да часу энергічныя людзі з жаданнем змяняць нешта знутры прыходзілі працаваць у дзяржаўныя структуры, і нават пакрысе мянялі некаторыя аспекты гарадскога жыцця да лепшага, але ў нейкі момант сутыкаліся з выгараннем і сыходзілі.

Атрымліваецца, што да гарадскіх актывістак мы можам адносіць абсалютна розных людзей — з рознымі інтарэсамі, пасадамі і каштоўнасцямі. Аднак дакладна яднае іх адно — зрабіць свой горад больш утульным.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Новым замку ў Гродне будзе рамонт: падлога руйнуецца, а на сценах расколіны і грыбок

У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…

9 лістапада 2024

У Гродне збіраюцца будаваць новыя інтэрнаты — не хапае кожнаму пятаму іншагародняму студэнту ГрДУ

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…

8 лістапада 2024

Турыстка прыехала паглядзець на вядомую фотазону Гродна і расчаравалася

Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…

8 лістапада 2024

У Гродне збіраюць подпісы за кандыдатаў на выбары прэзідэнта. Дзе і што забаронена?

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…

8 лістапада 2024

Карціну з Гродна, напісаную 111 гадоў таму, прадавалі на аўкцыёне за € 3,5 тыс.

Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…

8 лістапада 2024

У цэнтры Гродна адкрываецца ўзбекская чайхана

На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…

7 лістапада 2024