Будынак былога Дома афіцэраў на вуліцы Ажэшкі прадалі з аўкцыёна 28 красавіка 2023 года. Там павінен з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння, паведаміў «Гродна Плюс».
Першапачатковая цана будынка складала чатыры базавыя велічыні - 148 рублёў. Падчас таргоў цана вырасла да 239 тыс. рублёў (больш за $ 80 тыс.).
Дом афіцэраў прадавалі больш за сем гадоў
Першы раз будынак выставілі на аўкцыён у лістападзе 2016 года. Тады пачатковая цана будынка была 5,15 млн рублёў (дэнамінаваных). Таксама пабудову спрабавалі прадаць на электронных таргах. Апошнія таргі адбыліся ў лютым 2022 года, пачатковая цана складала больш за 770 тыс. рублёў.
Усе спробы былі няўдалымі. У выніку будынак выставілі на аўкцыён па мінімальнай цане — адна базавая (37 рублёў). Яшчэ ў тры базавыя ацанілі лініі электраперадач, якіх на аб’екце тры віды агульнай даўжынёй 220 метраў.
Што будзе з Домам афіцэраў
Па ўмовах таргоў, новы ўласнік абавязаны правесці капітальны рамонт або рэканструкцыю будынка і ўвесці яго ў эксплуатацыю на працягу чатырох гадоў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу. Рэканструяваць будынак можна пад аб’ект грамадска-дзелавога прызначэння — забаўляльны цэнтр, рэстаран, гандлёвыя плошчы і іншае.
Яшчэ адна ўмова для пакупніка — знесці савецкую прыбудову 1973 года з канцэртнай залай. Яна ў аварыйным стане.
Гісторыя будынка
Dom Strzelca ў стылі польскага канструктывізму пабудавалі ў 1935 годзе. У верасні 1939 года ад савецкіх войскаў тут абараняліся вучні польскіх гімназій, некаторыя з іх пазней былі расстраляныя.
У 1965 годзе было прынята рашэнне аб зносе некаторых будынкаў у акрузе і прыбудове да Дому афіцэраў канцэртнай залы на 800 чалавек. Яе ўзвялі ў 1973 годзе. Доўгі час яна была галоўнай канцэртнай пляцоўкай Гродна з самай вялікай сцэнай у горадзе.