Lcoffee адкрылася ў Гродне па вул. Дамініканская, 3. Кавярня працуе ў тэставым рэжыме з 21 красавіка. У ёй круасаны памеру L, сняданкі да вечара, «шакалад» на столі. Таксама яна pet-friendly/dog-friendly — туды можна заходзіць з жывёламі.

Абяцаюць L-сняданкі да 19.00, L-круасаны (гэта значыць, што яны больш за звычайныя — Hrodna.life) і дэсерты. Па словах уладальнікаў, найчасцей замаўляюць сырнікі з журавінава-малінавым кулі і сметанковым мусам.

У меню — кава ўсіх відаў, уключаючы халвічны і арахісавы раф. Можна даплаціць 2 рублі і зрабіць каву на альтэрнатыўным малацэ. Ёсць гарбата, матча, «нячайны» чай, какава і гарачы шакалад. Ёсць ліманады, содавыя і халодныя кававыя кактэйлі. Кошт — 5−8 рублёў. Эспрэса можна выпіць за 3 рублі.

Сняданкі каштуюць ад 9.5 да 17 рублёў. Гэта — глазунья з каўбаскамі, гароднінай і соусам песта, яйкі пашот з беконам, брокалі і сметанковым мусам, скрэмбл з ласосем, авакада і вяленымі таматамі і тыя самыя папулярныя сырнікі з журавінава-малінавым кулі і сметанковым мусам.

Таксама ў меню сэндвічы з круасанам. Начынне — вяндліна і вяленыя таматы, ласось і біты агурок, «Цэзар», арахіс і салёная карамель. Можна замовіць тост з ласосем. Ёсць мясныя і сырныя талеркі. Сэндвічы каштуюць да 9.5 да 19.4 рублёў, талеркі — 19 рублёў.

Першыя водгукі - пазітыўныя

У водгуках адзначалі ветлы персанал і прыгожы інтэр'ер. У кафэ светлыя сцены, а на столі — колер «гарачага шакаладу», як пішуць уладальнікі. Ва ўстанове не супраць, калі вы прыйдзеце туды з сабакам. У распрацоўцы — сістэма скідак.

Карыстальнікі ў Instagram адзначалі, што назва ўстановы «дзіўная». Вымаўляецца як «элькОфе». «Чаму Lcoffee? Нам проста вельмі падабаецца такое сугучча! «Элькофе». Элегантна. Стыльна. Лёгка. Дадзеную канцэпцыю падтрымлівае і інтэр'ер. У нас самыя вялікія (L) круасаны ў горадзе з разнастайнасцю смачных начынняў! Вялікія комплексныя сняданкі цэлы дзень (да 19:30). Дэсерты і спэшалці какава для знатакоў сапраўднага смаку. Кактэйлі, ліманады — усё для вашага атмасфернага адпачынку!" — распавялі ва ўстанове.

Кавярня Lcoffee

Час працы: 7.30−23.00 штодня

Адрас: вул. Дамініканская, 3

Чытайце таксама: Тэрасы, кактэйлі, навінкі. Гродзенскія кавярні і бары рыхтуюцца да летняга сезона