З’явілася петыцыя з прапановай уключыць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў драўляны касцёл, капліцу з пахаваннямі і гарадскую забудову Ліды пачатку ХХ стагоддзя. Наданне будынкам ахоўнага статусу прапануюць прымеркаваць да 700-годдзя горада. Зараз у Лідзе такі статус мае ўсяго некалькі аб’ектаў.
Унесеныя зараз у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей замак, чатыры камяніцы, комплекс піўзавода ды два храмы не ў поўнай меры адлюстроўваюць архітэктурную і гістарычную спадчыну Ліды, падкрэсліваюць аўтары петыцыі.
Яны заклікаюць Лідскі райвыканкам падрыхтаваць прапанову на наданне гістарычным будынкам Ліды статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці Кодэксам аб культуры.
«Гарадская забудова значная пацярпела ў абедзве вайны, таму ахова і рэстаўрацыя цудам ацалелых культурных каштоўнасцей у горадзе надзвычай важнае для захавання гістарычнай памяці», — адзначана ў тэксце петыцыі.
У спісе, прапанаваным аўтарамі петыцыі, аб’екты, якія не маюць афіцыйнага прызнання помнікамі гісторыі і архітэктуры:
- драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў раёне Слабада (1933 г.),
- вуліца 8 Сакавіка,
- вуліца Перамогі, №№ 36, 52, 53, 57, 61,
- забудова праспекта Перамогі, №№ 10 (новая яўрэйская свецкая Тарбут-школа, 1930-я), 14, 20,
- дом па вулицы Гагарына, 38,
- дом па бульвары Князя Гедыміна, 8,
- забудова вуліцы Чапаева, №№ 18, 17 (верагодна, перабудаваны гістарычны дом, патрабуецца дадатковае вывучэнне),
- дом па вуліцы Астроўскага, 16 (1930-я),
- дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 4 (1930-я),
- дом па вуліцы Камсамольскай, 14 (канец XIX — пачатак XX ст.),
- забудова вуліцы Савецкай, №№ 23, 24А, 32 (усе былі ўнесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны спіс помнікаў у часы БССР), 34, 53, 16 (былы кінатэатр «Нірвана»),
- забудова вуліцы Замкавай (былой Камсамольскай), №№ 3, 5, 8 (усе былі ў Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі), 2;
- капліца Святой Барбары (1930-я) і гістарычныя пахаванні старых каталіцкіх могілак;
- вуліца Ленінская, 10А (сцяна старой Тарбут-школы).
Магчыма ўключэнне ў спіс і іншых будынкаў, адзначана ў петыцыі. Дадатковую інфармацыю аб гістарычнай забудове можна адшукаць на гісторыка-архітэктурным плане ў генплане горада.
«Нядаўна, у 2022 годзе, Бабруйскі гарвыканам падрыхтаваў прапанову аб прысваенні гістарычнаму цэнтру Бабруйска статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, які і быў прысвоены па выніках разгляду абласным саветам. Цяпер Бабруйск афіцыйна — горад з гісторыяй. На нашу думку быць гістарычным горадам заслугоўвае і Ліда, тым больш гэта было б сімвалічным шагам у такі знамянальны год!», — лічаць аўтары.
Подпісы пад петыцыяй збіраюць да 2 траўня. Пасля яе накіруюць у Лідскі раённы выканаўчы камітэт.
Да 700-годдзя запланавалі раскопкі
Раней стала вядома, што да 700-годдзя Ліды запланаваныя археалагічныя раскопкі. Яны мусяць удакладніць дату заснавання горада. Да таго археалагічныя раскопкі на тэрыторыі горада ніколі не праводзіліся. Яны вяліся выключна ў межах Лідскага замка на плошчы, меншай за гектар, падкрэсліла тады Вольга Лук’ян, дырэктарка Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Спецыялісты плануюць закласці часовыя шурфы, каб знайсці найболей глыбокі культурны пласт. Месцы для гэтага вызначаны ў раёне гарадскога парку.
«Але мы лічым, што лепшы спосаб адзначыць гістарычны юбілей — гэта захаваць тыя культурныя каштоўнасці, якія цудам ацалялі ў час вайны», — мяркуе аўтар канала «Спадчына», заклікаючы падпісаць петыцыю аб наданні забудове ахоўнага статусу.
Таксама ў межах святакавання юбілею плануюць аднавіць музычны фестываль LIDBEER (праўда, са змененай канцэпцыяй) і правесці рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка».
Чытайце таксама: У Лідзе да 700-годдзя горада адкрыюць «МЕТРО». Танэль ужо гатовы