У Гродзенскай вобласці 66 населеных пунктаў знаходзяцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання. Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя падзяліўся статыстыкай да 37 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Самыя забруджаныя радыяцыяй раёны Гродзенскай вобласці
Больш за ўсё населеных пунктаў у зоне радыёактыўнага забруджвання ў раёнах:
- Іўеўскім — 43,
- Дзятлаўскім — 14,
- Навагрудскім — 9.
У Навагрудскім і Іўеўскім раёнах у 2018−2023 гг. узровень радыёнуклідаў цэзія-137 быў перавышаны ў 32 пробах грыбоў і 9 пробах лясных ягад, якія збіралі жыхары.
Асобныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Гродзенскай вобласці і Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сістэматычна бясплатна праводзяць кантроль утрымання асноўных радыёнуклідаў (цэзія-137 і стронцыя-90) у харчовых прадуктах. Яны правяраюць малако, бульбу, ваду, гародніну, садавіну, ягады і іншыя прадукты прыватных гаспадарак.
За 2022 год спецыялісты даследвалі больш за 2,5 тыс. пробаў прадукцыі. У 2021 годзе больш за 3 тыс.
Плошча радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі: як паменшылася за 34 гады
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 года тэрыторыя Беларусі забрудзілася нераўнамерна і мазаічна. Прычынай сталі метэаралагічныя ўмовы ў перыяд пасля аварыі.
За перыяд з 1986 па 2020 год плошча забруджвання цэзіем-137 з узроўнямі больш за 37 кілаБекерэль на метр квадратны (1 Кюры на кіламетр квадратны) паменшылася ў 1,8 разоў. Станам на 2020 год яна склала 11,7% ад агульнай плошчы Беларусі.