На ўездзе на Чыжоўскія могілкі ў Мінску пахавальную працэсію арцыбіскупа Арцемія сустракалі міліцыянты. З 17 архірэяў на пахаванні было чацвёра. На рытуал прыйшлі каля 100 чалавек. Беларус распавёў у Facebook, як прайшло пахаванне Арцемія.
На чале пахавальнай працэсіі арцыбіскупа Арцемія ехала міліцэйская машына. За ёй — катафалк з партрэтам нябожчыка каля лабавога шкла і розныя машыны. На ўездзе каля брамы могілак — некалькі сілавікоў у форме.
Арцыбіскуп Арцемій (Кішчанка) памёр у ноч з 21 на 22 красавіка 2023. Яму быў бы 71 год — ён не дажыў да дня нараджэння тры дні. З 1996 па 2021 год ён быў кіраўніком Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. З ім развіталіся ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне і павезлі ў Мінск на Чыжоўскія могілкі.
«Хуткім крокам іду па Чыжоўскіх могілках. Паспеў як раз, калі труну вынеслі з машыны. Вакол шмат людзей у расах. Хоць, як мне сказалі дасведчаныя людзі, архірэяў на пахаванні было толькі чацвёра з сямнаццаці, што выклікае зразумелае здзіўленне. У праваслаўнай традыцыі на пахаванне субрата звычайна збіраюцца ўсе гэтага чыну», — здзівіўся мужчына.
Магілу арцыбіскупа Арцемія размясцілі паміж магіламі яго мамы і сястры. Усю службы спявалі «Христос воскресе из мертвых, смертию смерть поправ и сущим во гробах живот даровал…». Магілу выслалі яловымі галінкамі. Былі аднаразовыя сурвэткі для тых, хто кідаў пясок на труну.
«Людзей, на здзіўленне, мала. Каля ста чалавек. Чамусьці думаў, што збярэцца ўвесь Мінск. Тым больш, што сёння выходны. Сустракаюся поглядамі са знаёмымі, раскланьваюся. Светлы сум на тварах. У вачах — слёзы. У руках кветкі. Белыя і чырвоныя. Падпяваю там, дзе магу», — распавёў мужчына.
Мітрапаліт Веніямін узначаліў цырымонію развітання. Ён распавёў кароткую біяграфію нябожчыка. Паводле яго слоў, тое, што сыход здарыўся ў велікодныя дні, «некалькі змякчае горыч страты». Адзначылі працу ў Гродзенскай дыяцэзіі, ініцыятывы, якія былі ўвасоблены дзякуючы Уладыку.
«Чамусьці чакаў, што прагучыць хаця б сімвалічная просьба з боку мітрапаліта „дараваць грахі“. Вось гэта было б сапраўды „значным“! Бо арцыбіскупа без яго згоды адправілі „на супакой“ за бескампрамісную пазіцыю, якую ён не раз агучыў з кафедры, асуджаючы бязмежжа, якое дзеецца, і заступаючыся за беларусаў, кажучы адкрыта чыноўнікам і сілавікам — „вы робіце не паводле Евангелля“. Перажыванні апошніх гадоў, адстаўка, ціск з розных бакоў (тыя самыя пералічаныя мітрапалітам „клопаты, перажыванні, трывогі“) — падарвалі і без таго слабое здароўе Уладыкі Арцемія», — падзяліўся мужчына.
Пасля прамовы быў пацалунак. Мітрапаліт Веніямін, арцыбіскуп Антоній і некалькі іерархаў падыходзілі да труны і, зняўшы галаўныя ўборы, цалавалі нябожчыка. Пасля прамовы далі магчымасць жадаючым развітацца.
«Было відаць, як простыя людзі і святары шчыра аддаюць даніну павагі і любові чалавеку, які не на словах, а на справе любіў Госпада і служыў яму. Слёзы, кветкі, у соты раз прапеты гімн надзеі».
Чытайце таксама:
- Меў мянушку «Саша Мінскі» і паказваў мемы. Уладыку Арцемія ўзгадвае багаслоў Наталля Васілевіч
- «Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Беларусы ўзгадваюць Уладыку Арцемію ў Facebook
Выбралі цытаты:
«Свет гродзенскай дыяцэзіі стаў такім асаблівым светам нармальнасці шмат у чым дзякуючы менавіта ўладыку Арцемію. Ніводнаму сумнеўнаму з пункту гледжання чалавечай цвярозасці святару сюды трапіць было нельга. У выніку ў гродзенскай епархіі сабраліся адукаваныя і таленавітыя святары з усёй Беларусі.
Гэтым я не хачу сказаць, што ў астатніх месцах усе тупыя і бяздарныя, гэтым я хачу сказаць толькі тое, што ў гродзенскай проста такіх не было. Ну амаль. І гэта была выдатная выбарка, таму што ў такім грамадстве няма шанцаў абсалютным дурням як альбо ўзвысіць свой голас, стаць колькі-небудзь значнымі. Гэта фармуе нават эстэтычна прыемную карціну — святары выглядаюць так, што на людзей падобныя, не кажучы ўжо пра тое, што паводзяць сябе па-людску", — напісала Алена Бабіч.
«Менавіта гэтая праўда дазволіла ўладыку Арцемію на ўвесь голас, з царкоўнага амбона асудзіць у 2020 годзе паліцэйскі рэжым Лукашэнку, умацоўваць народ, які ўстаў на абарону сваёй годнасці і свабоды. Я тады тэлефанаваў яму ў Гродна, падтрымліваў як мог і словам і малітвай. І ў гэты, цяжкі і вырашальны для яго краіны перыяд, Уладыка быў са сваім народам, быў бацькам яму, а не сатрапам тыранічнай улады «праваслаўнага атэіста» Лукашэнкі.
Я і цяпер чую яго вельмі стомлены, але ўсё роўна насмешлівы над самім сабой голас, памятаю кожнае слова. «Бо для нас з вамі, Андрэй Барысавіч, подзвіг навамучанікаў не толькі гістарычны факт. Вось і наша чарга прыйшла, трошкі папрацаваць»", — написал Антон Зубов.
«Уладыка Арцемій быў вельмі просты ў зносінах і даступны для студэнтаў, быў заўсёды адзін, без якога-небудзь суправаджэння, не чакаў і не патрабаваў да сябе асаблівай увагі або адносін. Толькі некалькі гадоў пасля я зразумела, наколькі гэта было не тыпова. Для мяне ўладыка Арцемій застанецца тым, для каго біскупства было служэннем, а не статусам, які не перастаў быць манахам, стаўшы біскупам… Памятаю яго апавяданні пра тое, як напярэдадні лекцыі ён цэлы вечар чысціў бульбу.
Памятаю яго гумар: манаскі пострыг ён прыняў пасля пасвячэння, таму многія яго ведалі як а. Аляксандра і калі называлі яго ранейшым імем, то ён заўсёды прыбаўляў «нябожчык»… Памятаю яго дабрыню, калі ён даваў грошы на прадукты для захварэлай студэнткі, якую ён бачыў некалькі разоў. І я ніколі не забуду яго смеласць і сумленнасць, калі ён прама і адкрыта асудзіў гвалт і жорсткасць сілавікоў, якія душылі пратэсты. Сёння памерла «сумленне Беларускай Царквы», як яго назвалі (а. А. Кураеў?) пасля яго выступу. Вечная памяць!" - пишет Kseniya Babkova.