Гродзенскія матацыклісты адкрылі мотасезон 22 красавіка 2023 года. На адкрыццё сезона прыехалі больш за 500 байкераў, сказалі ў мотасупольнасці Free Riders Grodno.
Старт мотапрабега адбыўся каля Гродзенскай абласной філармоніі. Адтуль байкеры паехалі па вуліцы Суворава ў бок Фолюша. Потым праз Новы мост, Фарты, вуліцу Дубко, вуліцу Магістральную і Усходні мост яны прыехалі на паркоўку Triniti.
Там адбылася забаўляльная праграма. Наведнікі адкрыцця мотасезона маглі паўдзельнічаць у конкурсах і атрымаць падарункі. Акрамя гэтага на паркоўцы арганізавалі барбершоп. Там можна было падраўняць прычоску.
Спецыялісты аўтацэнтра Autobogov прапанавалі дзецям падрапаць капот аўтамабіля. Пасля гэтага яны з дапамогай сучасных метадаў паказалі, як прыбраць драпіны з аўто.
Хто арганізоўваў мерапрыемства
Арганізатарамі адкрыцця сезону былі ўдзельнікі супольнасці Free Riders Grodno. У арганізацыі мерапрыемства ўдзельнічала каля 15 чалавек. Яна была зарэгістравана ў 2021 годзе і апошнія два гады арганізуе гэта мерапрыемства. Таксама ў 2021 годзе матацыклісты адкрывалі мотапаркоўку каля Triniti. 14 красавіка 2023 года калонна байкераў з Free Riders Grodno удзельнічала ў адкрыцці Новага моста.
Раней адкрыццё мотасезона і традыцыйны байк-рок-фестываль «Хавайся ў бульбу» арганізоўваў клуб «Насарогі» на добраахвотных пачатках і пры падтрымцы гарвыканкама. Байкеры дамаўляліся з гродзенскімі ўладамі, бо ў іх не было прэтэнзій, якія ўзніклі пасля жніўня 2020 года, тлумачыў раней Hrodna.life адзін з былых арганізатараў. У 2021 многія мотаклубы праігнаравалі мерапрыемствы адкрыцця сезона, бо не хацелі супрацоўнічаць з уладамі, адказнымі за масавыя рэпрэсіі ў краіне.
Чытайце таксама: Прабег, конкурсы і электрамабілі. У Гродне адкрылі мотасезон 2022