У ноч з 21 на 22 красавіка памёр архіепіскап Арцемій (Кішчанка). Ён кіраваў Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы з 1996 да 2021 года. Святару было 70 гадоў, да чарговага дня нараджэння ён не дажыў усяго тры дні.
Пра тое, што архіепіскап цяжка хварэе, стала вядома нядаўна, літаральна за тыдзень да яго смерці.
У 2020 годзе пасля сфальсіфікавыных выбараў і жорсткіх разгонаў пратэстаў архіепіскап Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў і ўдзел настаўнікаў у фальсіфікацыях вынікаў галасавання. Яшчэ раней Арцемій быў вядомы сваёй прадэмакратычнай пазіцыяй, добрымі адносінамі з іншымі канфесіямі, спрыяннем беларушчыне ў царкве. Пры ім святары БПЦ ездзілі адукоўвацца ў краіны Еўрасаюза. Гродзенскія святары адзначалі яго стыль кіравання, які грунтаваўся на аўтарытэце, а не на падаўленні іншых.
У чэрвені 2021 года Арцемія знялі з пасады і адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя. Сам уладыка казаў пазней у інтэрв'ю, што гэта было выключна палітычнае рашэнне.
Дзе пахаваюць архіепіскапа Арцемія і калі можна з ім развітацца
Развітанне з архіепіскапам Арцеміем будзе праходзіць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне з 13:00 23 красавіка (нядзеля) да 12:00 24 красавіка (панядзелак).
23 красавіка (нядзеля) з 13:30 да 07:30 наступнага дня (панядзелак) над целам спачылага будуць чытаць Евангелле і служыць паніхіды.
Панядзелак, 24 красавіка:
- 8.00 — у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне пачнецца літургія. Пасля яе будзе здзейснены чын адпявання;
- 12.00 - труну з целам спачылага перавязуць у Мінск на Чыжоўскія могілкі;
- 15:00 - пройдзе памінальная літыя, пасля якой архіепіскапа Арцемія пахаваюць.
Паводле завяшчання спачылага пахаваюць побач з магіламі сваякоў.
Чытайце таксама: «Быў бы ў Беларусі - мусіў бы маўчаць». Гродзенскі святар — пра сыход з Маскоўскага патрыярхату, пакліканне і крызіс царквы