У былым палацы Валовічаў у Свяцку сканчаюць працы першай чаргі рэканструкцыі. У хуткім часе частку палаца плануюць адкрыць для наведвальнікаў, паведаміла «Гродзенская праўда». Дакладную дату адкрыцця пакуль не называюць.
«Завяршаюцца працы ў рамках першай чаргі рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу. Быў цалкам адноўлены знешні выгляд, праведзены ўнутраныя працы ў флігелях і галерэях палаца. У левым флігелі, напрыклад, размясціліся гасцінічныя нумары, якія хутка будуць прымаць пастаяльцаў, у левай галерэі - актыўна ідзе добраўпарадкаванне рэстарана. На тэрыторыі комплексу таксама з’явіўся і цалкам завершаны гасцявы домік з басейнам, саунай, більярдным сталом», — сказаў навуковы кіраўнік праекта па рэканструкцыі сядзібы ў Свяцку Анатоль Пархута.
Палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у вёсцы Свяцк узвёў у 1779 годзе італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Палац — помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Да 2005 года там працаваў санаторый, пасля комплекс быў закінуты. Рэканструкцыя пачалася ў 2017 годзе.
Чытайце таксама: Выратавалі шмат, але не ўсё: як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час
У гасцініцы змогуць размясціцца 58 чалавек
Пасля рэканструкцыі ў склад палацава-паркавага комплексу ў Свяцку ўвойдуць гасцініца з камфартабельнымі нумарамі для размяшчэння 58 чалавек, SPA-цэнтр, рэстаран, бровар, залы для правядзення выставаў, канферэнцый і прэзентацый.
У сакавіку 2022 года для піўнога бара ў Свяцку шукалі мэблю. Тады інфармацыю і візуалізацыю інтэр'ераў размясцілі на сайце дзяржзакупак.