Прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека быў затрыманы 29 сакавіка супрацоўнікам ГУБАЗіК Гродна. На яго склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт.19.11 КаАП і аштрафавалі ў судзе Зэльвенскага раёна. Але на волю прадпрымальнік не выйшаў, паведамляе праваабарончая валанцёрская група MAYDAY.TEAM.
Сілавікі зноў затрымалі Ламеку ў будынку суда і склалі пратакол паводле арт.19.11 КаАП. Затым прадпрымальніка змясцілі ў СІЗА. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Калі мужчына знаходзіўся ў следчым ізалятары, на яго склалі трэці пратакол паводле арт.19.11 КаАП. Пакуль мужчына быў у СІЗА, у яго памерла маці.
Віктар Ламека — індывідуальны прадпрымальнік. Згодна з by.linkedin.com, зарэгістраваны на рынку ў Зэльве. Ён судзіўся з падатковай і абараняў прадпрымальнікаў з Гродзенскай вобласці ў судах.