Юрый Меляшкевіч выйшаў з СІЗА турмы № 1 Гродна. Сябры Меляшкевіча кажуць, што яго вызвалілі пад даручальніцтва бацькоў. «Наша Ніва» пакуль не мае пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніц.

Меляшкевіч праходзіць па справе «Маентка Падароск» — ініцыятывы па аднаўленні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, якая фінансавалася бізнэсмэнам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым.

Разам з Меляшкевічам па справе праходзяць фінансавы дырэктар маёнтка Дзмітрый Карабач і супрацоўнік Фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. Аб вызваленні Макарэвіча пад даручальніцтва стала вядома раней, 12 красавіка.

Юрась Меляшкевіч быў намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі «БНФ «Адраджэнне», актывістам Руху «За Свабоду!». Апошнім часам быў намеснікам старшыні «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».

Увечары 26 кастрычніка 2022 года Меляшкевіча затрымалі ў Ваўкавыску.

UPD 17 красавіка. «Мне зьмянілі меру стрыманьня, таму гэта яшчэ не канец гісторыі». Мэнэджар культуры Сяргей Макарэвіч, якога выпусьцілі з турмы 12 красавіка, паведаміў у сацыяльных сетках, што яму зьмянілі меру стрыманьня. Ён 159 дзён правёў у турме. Макарэвіч таксама напісаў, што крымінальныя справы супраць яго не спынілі. Падрабязнасьці справаў не вядомыя, паведамляе «Радыё Свабода».

Чытайце таксама: «Тут ёсць геній месца». Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск