«Ёсць праблема з нашымі партнёрамі. У іх няма стратэгіі. Гэта я прызнаю і публічна крытыкую. Няма стратэгіі ў Еўрапейскага саюза. На жаль, і ў амерыканцаў няма стратэгіі, што рабіць з Лукашэнкам. Альбо мы не ведаем гэтую стратэгію», — заявіў Павел Латушка 11 красавіка.
«У нас ёсць праблема з нашымі заходнімі партнёрамі. Бо яны разглядаюць гэтую сітуацыю сёння з пункту гледжання вайны, якую распачала Расія супраць Украіны. Мы ад самага пачатку кажам: рэжым Лукашэнкі - той, як з’яўляецца агрэсарам, а не суагрэсарам. Ён — агрэсар з пункту гледжання міжнародного права, бо прадаставіў тэрыторыю краіны [для агрэсіі] і міжнароднае права вельмі дакладна гэта акрэслівае, — сказаў Латушка.
— Ну і ўсё ж такі ўвага, належная ролі Лукашэнкі, не надаецца. Яны глядзяць на прыярытэтнасць перамогі Украіны. І гэта ясна, зразумела — там рэальная вайна. Перамога Украіны — а ўжо Беларусь на другім плане".
Павел Латушка лічыць, што перамога Украіны ў вайне — яшчэ не заканчэнне вайны. Грамадзянская вайна застаецца ў Беларусі.
Польскія радыёвышкі
Латушка прапаноўваў Латвіі, Літве і Польшчы паставіць радыёвышкі і накрыць тэрыторыю Беларусі.
«Ніхто не хоча ўзяцца за гэтае пытанне. Я размаўляў з МЗС кожнай з гэтых краін. У часы Югаславіі, калі была вайна, амерыканцы выкарыстоўвалі „натаўскія“ самалёты, якія ляталі над тэрыторыяй Югаславіі, і давалі радыёсігнал. Гэта не лепшы прыклад, але штосьці рабілася ў інфармацыйнай сферы. Трэба шукаць інфармацыйныя тэхналогіі, якія б давалі адносную бяспеку і магчымасьць дайсці з інфармацыяй да беларусаў. Варта было б, каб хтосьці ўзяўся за гэты праект, які б фінансавалі амерыканцы ці еўрапейцы».
Калі не ЕС, то суседнія краіны
Латушка выступае за санкцыі. «Калі Брусэль сёння не ў стане выпрацаваць стратэгію, мы кажам: давайце суседнія краіны выпрацуюць стратэгію. Гэта Латвія, Літва, Польшча і Украіна, <…> Бо ў іх ёсць не толькі пагроза, а негатыўнае ўздзеянне рэжыму».
Латушка адзначыў кансалідацыю дэмакратычных сіл — у тым ліку Пазняка, Цапкалы і Саннікава. Па яго меркаванні, сітуацыя ў Беларусі будзе змяняцца праз крытычны негатыў, які стварае Расія. Але калі гэта здарыцца, ён не ведае.
Павел Латушка — беларускі дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч. Былы міністр культуры Рэспублікі Беларусь. Член Каардынацыйнага савета па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях транзіту ўлады.
Чытайце таксама: