У Гродне хацелі падарваць дзве нафтабазы. Тэракты ў Гродне нібыта планавалі грамадзяне Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам супрацоўніка спецслужбаў Украіны. Пра гэта распавялі ў тізеры «фільма-расследавання» тэлеканала АНТ.
Тэракт у Гродне: хто і як планаваў
Тэракты ў Гродне нібыта планавалі грамадзяне Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам супрацоўніка спецслужбаў Украіны. Мэтай былі адразу некалькі аб’ектаў, у тым ліку і генконсульства Расіі, паведамілі АНТ у КДБ.
Паводле звестак беларускіх і расійскіх спецслужбаў, усім кіраваў супрацоўнік галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Вячаслаў Розум, ён вербаваў агентаў.
Адзін з іх — расіянін Аляксей Кулікоў. Год таму ён пакінуў Расію, каб уцячы ад прызыву. Трапіць у Гродна яму нібыта дапамог расійскі апазіцыянер Данііл Крынары (Кавалеўскі). У 2022 годзе Розум нібыта паставіў задачу Крынары сфармаваць агентурную сетку. Але ў снежні 2022 года яго затрымалі ў Гродне па запыце ФСБ і экстрадавалі ў Расію. Перад затрыманнем ён паспеў завербаваць, як мінімум, двух чалавек — Кулікова і грамадзяніна Беларусь Вадзіма Пацэнку. Ён перадаў іх дадзеныя Розуму.
Падарваць нафтабазу з дапамогай дрона
«Вячаслаў даваў заданні па выведцы пэўных аб’ектаў. Па яго ўказанні я вырабляў фота- і відэаздымку і адпраўляў яму справаздачы аб’ектаў, пра якія ішла гаворка. Гэта ваенкамат насупраць парку Жылібера, вайсковая частка па дарозе на паўднёвы рынак, нафтабаза ў кірунку да могілак „Аульс“, нафтабаза на Дзевятоўцы, Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі», — паведаміў Кулікоў.
Тое ж у сюжэце паведаміў Пацэнка. Вячаслаў нібыта сказаў яму падарваць нафтабазу на Дзевятоўцы з дапамогай дрона і выбухоўкі. Быў прадуманы план, дзе будзе знаходзіцца дрон і аператар, каб падарваць цыстэрну.
За гэта ім нібыта абяцалі $ 10 000 і пераправіць за мяжу, але «выкарысталі як гарматнае мяса», заявілі ў сюжэце. Мужчыны затрыманыя і даюць прызнальныя паказанні.
Фільм АНТ
АНТ пакажа фільм «Гаспар» на сувязь не выйшаў", дзе раскажа пра шэраг тэрактаў, якія нібыта планаваліся ў Гродне з удзелам украінскіх куратараў і разведчыкаў. Па тэлебачанні пакажуць шэраг затрыманых, кадры затрымання і допытаў.
Акрамя тэракту ў Гродне, паводле апісання, айцішнік пад Мінскам арганізаваў трансляцыю ваеннага аб’екта за мяжу, а работнік аблвыканкама ў Віцебску прадаваў сакрэтную інфармацыю ўкраінскім вайскоўцам.
Затрыманыя грамадзяне Польшчы, Украіны і балтыйскіх краін
КДБ затрымаў «некаторую колькасць грамадзян Польшчы» пры «здзяйсненні актыўных аперацый па агентурнай сувязі».
«Затрыманыя здраднікі, якія працавалі на нашай тэрыторыі. Вядома, польскі бок любымі спосабамі хоча дамагчыся абмену на каго-небудзь з гэтых сваіх грамадзян. Акрамя таго, намі затрыманыя дзясяткі грамадзян Украіны», — заявіў кіраўнік КДБ Іван Церцель.
Па тых жа прычынах затрыманыя грамадзяне краін Балтыі.
Задача — змена ўлады
Старшыня КДБ Іван Церцель паведаміў БелТА, што варта чакаць «сур'ёзнай эскалацыі абстаноўкі ў нашым рэгіёне».
«Мы канстатуем (і гэта не сакрэт, перыядычна прарываюцца такія сюжэты ў адкрыты эфір), што на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лагеры па падрыхтоўцы баевікоў. Мы ведаем канкрэтна вярбовачныя пункты, ведаем, хто гэтым займаецца. Мы ведаем лагеры па іх падрыхтоўцы, ведаем персанальна інструктараў, хто ў гэтых адносінах і на якіх этапах праходзіць падрыхтоўку», — заявіў кіраўнік КДБ.
З вясны гэтыя сілы плануюць актывізацыю тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Іх задача — нібыта дамагчыся змены ўлады шляхам узброенага бунту праз здзяйсненне тэрактаў.
Чытайце таксама: Суседзі «здалі» гаспадара кватэры і прапанавалі сілавікам крэселка. Што мы даведаліся пра «ліквідацыю тэрарыста» з дзяржТБ
UPD. 22.45. Аляксея Кулікова абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 289 КК «Акт тэрарызма» і паводле ч.2 арт. 126 «Акт міжнароднага тэрарызму», Вадзіма Пацэнку — паводле ч. 2 арт. 289 КК «Акт тэрарызма». Яны змешчаныя ў следчы ізалятар, паведамілі ў фільме АНТ.
За тэракты, якія нібыта курыравалі спецслужбы Украіны, у Беларусі затрыманыя каля 20 чалавек. Па версіі КДБ, яны аб’ядналіся ва ўстойлівую кіраваную арганізаванай групу для сумеснай злачыннай дзейнасці. Таму па ч.9 арт. 16 КК, усе ўдзельнікі прызнаныя выканаўцамі. Затрымалі нават тых, хто здаваў «тэрарыстам» кватэру або дапамагаў з яе пошукамі. Ім прад’явілі па ч. 3 арт. 289 «Акт тэрарызму». Грамадзянам Беларусі таксама прад’явілі арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». Ім пагражае смяротнае пакаранне. Усіх «памагатых» падчас «бліскуча праведзенай аперацыі» ўсталявалі за чатыры-пяць дзён. На дошцы ёсць і ЦРУ.