Буйны расійскі брэнд Gloria Jeans адкрывае яшчэ адну краму ў Гродне. Яна адкрыецца як раз на месцы закрытага H&M у гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti.
Новая крама прыме пакупнікоў 1 красавіка. Ён зойме 800 квадратных метраў. Там будзе прадстаўлена жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, аксэсуары.
1 і 2 красавіка для пакупнікоў арганізуюць забаўляльную праграму, абяцаюць зніжкі і пачастункі.
Зараз сетка складаецца з больш чым 680 крам у Расіі, Казахстане і Беларусі. У нашай краіне працуе 19 крамаў (6 з іх — у Мінску). У Гродне адзіная пакуль крама размешчаная ў гандлёвым цэнтры Old City.
У гэтым годзе Gloria Jeans збіраецца адкрываць кропкі ў тым ліку на месцах, якія вызваліліся пасля сыходу з Расіі і Беларусі H&M і іншых міжнародных брэндаў. Усяго ў 2023 годзе рытэйлер плануе адкрыць больш за 130 крамаў.
Куды сыходзяць брэнды
Крамы H&M, як і некаторых іншых сусветных брэндаў, прыпынілі сваю працу ў Беларусі з 3 сакавіка 2022 года, услед за Расіяй. Прычынай назвалі вайну Расеі супраць Украіны.
Усяго ў Беларусі было тры крамы H & M. У ліпені 2022 у H&M Group паведамілі, што ў Беларусі крамы зноў запрацуюць, але без удакладнення датаў. Пасля паўгадавога перапынку брэнд вярнуўся, каб прадаць рэшткі тавару. Hrodna.life паглядзеў, у што і за колькі можна было апрануцца ў «апошнюю восень» мясцовага H&M. Мы сабралі базавую капсулу з шасці рэчаў і параўналі, за колькі такі ж набор можна купіць у Вільні і Лодзі. Аказалася, што крамы моцна адрозніваліся напаўненнем, а кошты і выбар у Беларусі зусім не парадавалі.