Участак на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў выставілі на аўкцыён. Там плануюць пабудаваць шматкватэрны жылы дом.
UPD. Аўкцыён адбудзецца 7 чэрвеня.
Новы будынак плануюць узвесці ў раёне вуліц Савецкіх пагранічнікаў - Манюшкі - Нямцэвіча — Сыракомлі. Пачатковая цана ўчастка амаль 105 тыс. рублёў (амаль $ 37 тыс.). Плошча надзела — 1,63 га.
На гэтай зямлі размяшчаюцца будынкі па адрасах: вул. Манюшка, 6 і 8, вул. Сыракомлі 1/1, 2, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 75, 77, 79, 81, 83, 85, 87, 87/1, вул. Нямцэвіча, 4. Усе пабудовы плануюць знесці разам з зялёнымі насаджэннямі. Выдаткі за гэта ацанілі амаль у 2 млн рублёў - амаль у 20 разоў больш, чым пачатковы кошт права праектавання і будаўніцтва шматпавярховіка, заўважыў канал Urban Hrodna.
Раней паведамлялі, што там плануюць збудаваць адзін дом вышынёй не больш за 41 метр.
Побач ужо будуюць шматкватэрны дом
На вуліцы Савецкіх пагранічнікаў побач з універсамам «Кастрычніцкі», на месцы знесенага прыватнага сектара, у жніўні 2022 года пачалі будаваць жылы комплекс на 312 кватэр.
Будоўля адбываецца на ўчастку паміж «Кастрычніцкім» і вуліцай Гогаля. Там плануюць узвесці васьмісекцыйны жылы дом вышынёй 8−10 паверхаў. Таксама ў будынку хочуць размясціць офісы і кропкі абслугоўвання насельніцтва. Уваход да іх будзе з боку вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, а ўваход у пад’езды — з вуліцы і з двара.
Акрамя будынка запланаваны дзіцячыя пляцоўкі для гульняў і заняткаў спортам, паркоўкі і падземны гараж на 181 месца.