У Польшчы беларусам, якія не могуць вярнуцца дадому, будуць бясплатна выдаваць праязны дакумент замежніка. Адпаведныя папраўкі ў польскім заканадаўстве набудуць моц з 1 чэрвеня 2023 года, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Бартош Градзецкі.
«Міністр прыняў такое рашэнне з улікам спецыфічнай сітуацыі беларускай супольнасці ў межах падтрымкі, якую мы аказваем дэмакратычнай Беларусі», — сказаў Градзецкі.
Што за дакумент і навошта ён патрэбны
Гэты дакумент патрэбны беларусам, якія маюць гуманітарны від на жыхарства ў Польшчы, але згубілі свой пашпарт або ў дакумента скончыўся тэрмін. Пры гэтым паехаць у Беларусь для яго замены яны не могуць.
Таксама гэты дакумент патрэбны дзецям беларусаў, якія нарадзіліся ўжо ў Польшчы, але іх бацькі не могуць зрабіць ім пашпарт.
«Гэтыя людзі вядуць нармальнае жыццё ў Польшчы, хочуць падарожнічаць, але могуць мець абгрунтаваную асцярогу з’явіцца ў пасольства або консульства сваёй краіны ці вярнуцца ў Мінск для атрымання дакументаў», — сказаў Градзецкі. Акрамя гэтага, ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі змянілі заканадаўства і зараз могуць завочна пазбаўляць беларусаў грамадзянства.
Які тэрмін дзеяння ў такога дакумента
Праязны дакумент замежніка дзейнічае год. Ён дазволіць здзяйсняць любыя паездкі за межы Польшчы. «Рашэнне, якое мы прынялі з юрыдычнай кропкі гледжання з’яўляецца самым хуткім з магчымых. Таксама важна, што мы паспелі рэалізаваць яго да сезону адпачынкаў», — паведаміў Градзецкі.
Ці маглі раней беларусы атрымаць праяздны дакумент
Магчымасць атрымаць праяздны дакумент беларусы з гуманітарным відам на жыхарства атрымалі з 1 студзеня 2023 года. Зараз выдача праязднога дакумента каштуе 350 злотых (каля € 75).
У студзені 2023 года пра намер выдаваць падобныя дакументы беларусам заявіла Літва.