Былы будынак адной з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце «Польска Мацеж школьна» прадалі на электронных таргах 23 сакавіка. На аўкцыён заявіўся адзін удзельнік. Ён і набыў будынак за 1 454 тысяч рублёў.
Пачатковы кошт будынка 2011 года пабудовы склаў 1 384 тысяч рублёў. Удзельнік быў адзін, таму ён атрымаў былую «Матеж» з павелічэннем пачатковай цаны на 5%.
Па звестках Hrodna.life, у куплі былі зацікаўлены ўладальнік буйнога гасцінічнага бізнесу Станіслаў Сямашка і група кампаній «Спектр». Апошняй у Гродне належаць ТЦ Kazzarma Mall і друкарня «Спектр», гандлёвы комплекс Bazzar і яшчэ некалькі будынкаў у Скідзелі. Кампанія займаецца таксама перавозкамі і гандлем.
Будынак прадавалі з паніжэннем кошту
Першы аўкцыён па «Мацежы школьнай «прайшоў 3 лютага. Тады за будынак хацелі мінімум 2,13 млн рублёў з ПДВ.
Будынак «Мацежы» размяшчаецца ў цэнтры горада на вуліцы Гараднічанская, 40. Яго плошча — 1053,7 кв. м, плошча зямельнага ўчастка — 0,12 га. Прызначэнне пабудовы — адміністрацыйна-гаспадарчае.
Суд па ліквідацыі польскай грамадскай арганізацыі прайшоў у верасні 2022 года. «Мацежы» налічылі 300 тыс. рублёў штрафу і 500 тыс. рублёў неаплачаных падаткаў. Будынак прадавалі на пляцоўцы электронных таргоў «Белбанкрутаўкцыён».
Чаму ліквідавалі «Мацеж»
Рэпрэсіі супраць арганізацыі пачаліся ў 2021 годзе. Прычынай, нібыта, стала незаконная дзейнасць у сферы адукацыі. Ліквідацыя «Мацежы» стала адным з этапаў ціску на польскую меньшасць. Ён узмацніўся пасля выбараў у Беларусі 2020 года і быў часткай рэпрэсій у дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці.
«Польска Мацеж школьна» працавала з 1995 года і была адной з найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі. Пры ёй быў грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры.
Гэта была адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. Колькасць вучняў даходзіла да 2100 чалавек на год. Пры «Мацежы» працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для сталых людзей, клуб жанчын «Гроднянка» і іншыя гурткі і ініцыятывы. Таксама «Мацеж» ладзіла метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школаў і дзіцячых садкоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.
Чытайце таксама: