Крыніцы ў Гродзенскай пушчы могуць прызнаць помнікамі прыроды. З аналізу навукоўцаў вынікае, што вада ў крыніцах мінералізаваная, бо змешваецца з мінеральнымі падземнымі крыніцамі, паведаміў MediaStart.

Крыніцы “Элізы Ажэшкі”, “Райгорад”, “Марыянны” і “Сто крыніц” знаходзяцца ў раёне вёсак Прывалка і Крынічнае каля беларуска-літоўскай мяжы.
У 2021 годзе ваду з крыніц даследавалі навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі. Выявілася, што хімічны склад вады – хларыдна-карбанатны, натрыева-кальцыявы, слабамінералізаваны. Ваду можна выкарыстоўваць у лячэбных і прафілактычных мэтах.
Што дасць прызнанне крыніц помнікамі прыроды
Месца размяшчэння крыніц, хімічны склад вады і звязаныя з крыніцам легенды даюць падставы прызнаць іх помнікамі прыроды. Зараз дакументамі на ўнясенне крыніц у спіс помнікаў прыроды займаецца Навукова-практычны цэнтр НАН па біярэсурсах, піша “Вячэрні Гродна”.
Дзякуючы гэтаму статусу крыніцы будуць ахоўваць і добраўпарадкоўваць. Яны будуць лічыцца каштоўнасцю, якая не аднаўляецца, “у экалагічных, навуковых, культурных і эстэтычных адносінах”.
Ужо раней, яшчэ ў 1989 годзе, геолагі прабурылі ў ваколіцах 27 свідравін. Здабытая з іх вада была мінеральнай – аналагічнай вадзе з Друскенікаў, якая лічыцца лячэбнай. Але тады далей працы не пайшлі, свідравіны закрылі.
Дзе знаходзяцца крыніцы і чым яны адметны
Крыніца “Элізы Ажэшкі”
Крыніца знаходзіцца ў вёсцы Прывалка, каля беларуска-літоўскай мяжы. Восенню 2022 года побач з крыніцай усталявалі столік і скульптуру Элізы Ажэшкі. Іх выразаў з дрэва гродзенскі майстар Мікалай Скляр. Вясной 2023 года там плануюць зрабіць сцежку з пяска з драўляным насцілам.
Паводле словаў гродзенкі Тэрэсы Белавусавай, якая вырасла ў гэтых мясцінах, вада з крыніцы Элізы Ажэшкі амалажвае скуру, дапамагае пры скураных захворваннях (лякуе экзэмы, плямы, парэзы), паляпшае сон і падымае настрой.
Крыніца “Райгорад”
Крыніца знаходзіцца на ўездзе ў вёску Прывалка, у Нёманскай западзіне – самым нізкім месца ў Беларусі. Ад дарогі на Друскенікі да крыніцы ёсць сцежка, якую зрабілі ў савецкія часы.
Вада з крыніцы дапамагае пры хваробах страўнікава-кішэчнага тракта: бляшках, хваробах дванаццаціперснай кішкі, выганяе “камяні”. Таксама гэтую ваду выкарыстоўваюць у гінекалогіі і пасляааперацыйным перыядзе.
Крыніца “Марыянны”
Крыніца знаходзіцца побач з вёскай Крынічнае. Ляснік Аляксандр Віткоўскі сам пабудаваў лесвіцу да яе і закрыў адкрыты ўчастак крыніцы трубамі.
Крыніцу назвалі ў гонар мясцовай лекаркі Марыянны, якая выкарыстоўвала ваду ад галаўнога болю, ціску, захворванняў крыві, а таксама пры праблемах са сном і вачыма.
Крыніца “Сто крыніц”
“Сто крыніц” складаецца са шматлікіх маленькіх крынічак, якія сілкуюць мясцовыя залежы сапропеля [шматстагоддзевыя адкладанні прэснаводных вадаёмаў, якія сфармаваліся з амярцвелай воднай расліннасці, астаткаў жывых арганізмаў – Hrodna.life].
Акрамя мінералізацыі, навукоўцы знайшлі ў крыніцы срэбра. Вада з крыніцы дапамагае ў лекаванні апорна-рухавога апарата, артрыта, асцеахандроза, радыкуліта, суставаў, зажыўленні ран, а таксама пры пераломах .








