Затрыманні па палітычных матывах актывізаваліся 9 сакавіка. На 13 сакавіка публічна назвалі трох затрыманых. Гэта фатограф-фрылансер Валерый Юдзін, Павел Якубель, актывіст і дзядзька актывісткі, якая эмігравала, дзіцячы лекар Уладзімір Пруднікаў. Насамрэч затрыманых больш.

Пра актывізацыю затрыманняў паведаміла сама міліцыя, звязаўшы сітуацыю з тэрактам у Мачулішчах. Адпрацоўваюць «датычных да дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў і тэрарыстычных арганізацый». Вядома, што толькі за 9 сакавіка ГУБАЗіК «адпрацаваў» больш за 60 беларусаў. 21 з іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і пяць — да крымінальнай.

Некаторых затрыманых у Гродне ў той жа дзень адпускалі са штрафам, некаторых затрымлівалі да суда. Пасля затрымання Паўла Якубеля сілавікі ў пакаянным відэа апублікавалі скрыншоты ўдзельнікаў аднаго чата ў Facebook. У гэтым чаце Уладзімір Пруднікаў быў адміністратарам. Затрыманні прайшлі ў сферы медыя, сярод спартыўных фанатаў, актывістаў.

«Учора ці пазаўчора ў Гародні адбыўся такі „чос“. Гэта выглядае на працу па старых гэбэшных спісах. Людзей, якія даўно былі актыўныя, іх заграбаюць цяпер. Кагосьці трымаюць, кагосьці адпускаюць. Гэта папросту тэрор», — распавяла 12 сакавіка ў эфіры «Беларускага Радыё Рацыя» жонка палітвязня Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка.

Але вядома і пра затрыманні тых, хто не быў актыўны да і падчас пратэстаў 2020 года. Як правіла, людзей прыцягваюць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП.

Каго яшчэ затрымліваюць?

У Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях хапалі людзей, якія жывуць у прыгранічных раёнах, тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама дзеячаў культуры.

Вядома, што некаторыя людзі, да якіх днямі прыходзілі, раней затрымліваліся па «пратэстных» адміністрацыйных справах. Да некаторых актывістаў, якія з’ехалі за мяжу, таксама прыходзілі дадому з ператрусамі. Частку людзей затрымалі проста на мяжы пры выездзе з Беларусі або пры ўездзе ў краіну, паведамляе «Наша Ніва».

Вярбоўка

Масавыя затрыманні праводзіць і Камітэт дзяржаўнай бяспекі. З розных мясцовасцяў паведамляюць пра спробы супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі вербаваць затрыманых. Іх запалохваюць вялікімі турэмнымі тэрмінамі і заяўляюць, што адпусціць змогуць толькі пры ўмове падпіскі аб сакрэтным супрацоўніцтве, паведамляе «Наша Ніва».

Што можна зрабіць, калі вы ў Беларусі?

  • На перыяд «актывізацыі» міліцыі лепш выйсці з чатаў для актывістаў ва ўсіх сацсетках і мэсэнджарах.
  • Выйдзіце з каналаў і чатаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
  • Штодня чысціце гісторыі перапісак у мэсанджарах.
  • Выдаліце боты, калі вы мелі зносіны з «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
  • Не захоўвайце фота і відэа з пратэстаў на сваіх гаджэтах — перанясіце іх у воблачнае сховішча.
  • Трымаеце сувязь з блізкімі, каб паведаміць ім аб вашым затрыманні або забіць трывогу, калі яны не выходзяць на сувязь.

UPD 19.30. 13 сакавіка ў гродзенскіх судах вынеслі некалькі рашэнняў па адміністрацыйных справах. Паўла Якубеля арыштавалі на 15 сутак. Уладзіміра Пруднікава аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў). Па артыкуле 19.11 КаАП аштрафавалі яшчэ мінімум два чалавекі, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».