Актывіст са Слоніма напісаў скаргу на ўмовы ў ізалятары. Грамадскае аб’яднанне ветэранаў памежнай службы «Застава» ліквідуюць праз суд. Міліцыя актывізавала працу пасля тэракту ў Мачулішчах — затрыманні пачасціліся і ў Гродне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 6 па 12 сакавіка.
Новыя экстрэмісцкія матэрыялы
- Старонка «Сергей Байгот» ВКонтакте,
- Старонка Siarhei Baihot (Deimon) у Facebook,
- Старонка «r.e.deimon» у Instagram,
- Старонка «r_e_deimon» у TikTok,
- Telegram-чат «Czat»,
- Суполка ВКонтакте «Чай з малинавым варэннем»,
- Суполка ў Instagram godofbelarus,
- Суполка ў Twitter «Чай з варэннем»,
- Суполка ў «Одноклассники» «Чай з малинавым варэннем»,
- Суполка ў Facebook «Чай з малинавым варэннем»,
- Акаунт у TikTok «Чай з малинавым варэннем»,
- Лагатып «Чай з малинавым варэннем».
Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 2 сакавіка 2023 года.
Мужчыну асудзілі на паўтара года «хіміі» за каментары ў Telegram-чаце «Ліда 97%»
У судзе Лідскага раёна асудзілі Іллю Мазаля паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Прысуд вынес суддзя Аляксандр Мішураў, паведамляе «Вясна».
Іллю абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у Telegram-чаце «Ліда 97%» каментары і відэа «з мэтай узбуджэння ў карыстальнікаў Telegram пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Суд расцаніў дзеянні Іллі, як арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Мужчына цалкам прызнаў віну. Яго мабільны тэлефон канфіскавалі ў даход дзяржавы.
Актывіст са Слоніма напісаў скаргу на ўмовы ў ізалятары
У студзені слонімскі грамадскі актывіст Павел Севасцьян адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за захоўванне ў Facebook «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля выхаду на волю Павел напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта на прадмет здзекаў з яго ў слонімскім ізалятары часовага ўтрымання і парушэнняў ягоных правоў. Севасцьян прасіў правесці службовую праверку на прадмет шматразовага парушэння заканадаўства і правілаў утрымання ў ІЧУ.
Аддзел Следчага камітэта не стаў праводзіць праверку па выкладзеных фактах, а перанакіраваў скаргу Севасцьяна ў аддзел унутраных спраў. Там ніякіх парушэнняў падчас утрымання Паўла ў ІЧУ не выявілі. Пра што падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Мароз і даў афіцыйны адказ, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Грамадскае аб’яднанне ветэранаў памежнай службы «Застава» ліквідуюць праз суд
Пасяджэнне па ліквідацыі арганізацыі пачнецца 20 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Арганізацыя праіснавала чатыры гады. Яна была зарэгістраваная ў гп. Поразава Свіслацкага раёна. Станам на 1 студзеня 2021 года ў ім было 17 чалавек. У арганізацыі адзначалі Дзень Перамогі і Дзень памежніка, рэстаўравалі помнікі і прыбіралі магілы памерлых памежнікаў каля Ваўкавыска.
Затрыманую 28 лютага ў Карэлічах Вікторыю Качан будуць судзіць
Вікторыі 38 гадоў. Яе затрымалі нібыта за паклёп у дачыненні да дзейнай улады. У жанчыны дома правялі ператрус, канфіскавалі тэлефоны ў яе і яе дзяцей, паведамляе «Вясна».
10 сакавіка яе пачалі судзіць паводле арт. 19.11 ч.2 КК «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Верагодна, гэта не першы суд, раз жанчыну ўтрымліваюць з ізалятары з моманту затрымання.
Новыя «экстрэмісты»
Пётр Бахар, Павел Біч, Андрэй Навасельчан з Гродна 10 сакавіка змешчаны у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Палітвязня Дзяніса Івашына зноў этапавалі ў магілёўскую калонію № 15
«Мы ведаем, што Дзяніс дагэтуль яшчэ цалкам не ачуняў ад перанесенай хваробы, але захоўвае пазытыўна-аптымістычны настрой, перадаваў прывітаньні і падзякі ўсім людзям добрай волі за падтрымку й дапамогу яму ды нам працягам усяго гэтага часу (без малога 2 гады)», — напісала яго жонка Вольга.
У студзені 2023 года журналіста этапавалі ў магілёўскую калонію пасля прысуду ў 13 гадоў і месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але ў пачатку сакавіка яго вярнулі ў гродзенскую турму № 1. Прычыны перакладу ўсё яшчэ невядомыя.
У Гродне затрымалі сваякоў актывісткі ў эміграцыі
Хроснага бацьку і цётку Карыны Маліноўскай, якая з’ехала за мяжу, затрымалі ў Гродне. Гродзенец Павел Якубель быў затрыманы нібыта за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога». Цётка — за ўдзел у пратэстах. Павел паведаміў, што знаходзіўся ў актыўных чатах Гродна ў Facebook і Telegram. На відэа мужчына падкрэсліў, што Карына Маліноўская — яго пляменніца. «З ім падтрымлівалася сувязь з-за мяжы, узгаднялася магчымае садзейнічанне з жыллём і транспартам», — паведамілі сілавікі.
3000 вакансій ёсць у Гродне. Але супрацоўнікі не могуць працаўладкавацца праз чорныя спісы
У Гродне на сакавік 2023 года адкрыта больш за 3000 вакансій. Аднак некаторыя гродзенцы не могуць уладкавацца ў дзяржаўныя арганізацыі, нягледзячы на падзякі на папярэднім месцы працы і адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў. Прычына гэтага — чорныя спісы, у якія супрацоўнікі трапілі праз затрыманне на пратэстах або сваю пазіцыю.
Прафесарка з ГрДУ паўдзельнічае ў канферэнцыі па ваеннай журналістыцы ў Луганску
Прафесарка з кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Канюшкевіч 12 красавіка 2023 года возьме ўдзел у канферэнцыі па ваеннай журналістыцы ў Луганскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Універсітэт знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Украіны, зараз ім кіруюць калабаранты.
Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску
Эрык — вялікі сабака, чыстакроўны дварняга, трохі падобны да аўчаркі. Раней ён жыў у прытулку. Аднойчы яго ўжо забіралі, але вярнулі. Так цягнулася да той пары, пакуль па Эрыка не прыйшла Наста Лойка. З ёй Эрык застаўся больш чым на пяць гадоў. І не раставаўся б надалей. Але аднойчы прыйшлі па Насту.
УУС судзіцца з былым начальнікам Ваўкавыскага РАУС. З-за яго пакаралі пенсіянерку
УУС Гродзенскага аблвыканкама накіраваў іск да Віталя Асоцкага. Ён быў начальнікам Ваўкавыскага РАУС да 2022 года. Паведамляюць, што ён здзекаваўся з людзей падчас пратэстаў.
Рух «Маці 328» застаўся без лідарак: як ён дзейнічае зараз
Гродзенка Ларыса Жыгар, якая ўзначальвала рух «Маці 328», праходзіць рэабілітацыю пасля цяжка хваробы. З-за гэтага жанчына не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Зараз рух «Маці 328» без лідара. Акрамя гэтага, ёсць праблема ў адсутнасці адвакатаў, якія гатовыя прадстаўляць інтарэсы грамадзянскай ініцыятывы нават за грошы.
Настаўнікі і інспекцыя дзяжурылі ў гандлёвых цэнтрах Гродна. Там анансаваў сустрэчу ПВК «Рёдан»
Настаўнікі сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх 4 сакавіка дзяжурылі ў гандлёвых цэнтрах Гродна. Як мінімум, дзяжурства прайшло ў ГЦ OldCity. На гэты дзень была анансаваная сустрэча ПВК «Рёдан» у ТРК Triniti.
Літоўскі бізнесмен, які дапамагаў «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, прызнаўся і папрасіў прабачэння
Саўлюс Коціс прызнае датычнасць свайго бізнеса да магчымай схемы абходу санкцый супраць «Гродна Азот». Удзел яго кампаніі ў схеме раней раскрыў журналісцкі расследавальніцкі цэнтр Siena.
Незалежнага выдаўца затрымалі
Заснавальніка незалежнага беларускага выдавецтва Змітра Коласа затрымалі. Было меркаванне, што прычынай стала кніга гродзенскага прафесара, доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука.
З 5 сакавіка звестак пра лёс Змітра Коласа няма. Паводле яго знаёмых, ён не выйшаў на волю, піша «Наша Ніва». Перад затрыманнем у яго дома адбыўся ператрус. Невядома, што інкрымінуецца выдаўцу, ці выстаўлена абвінавачванне, ці бачыўся ён з адвакатам. Магчыма, яго забралі, бо друкар з ягонага выдавецтва Алег Сычоў быў затрыманы па справе аб дыверсіі супраць расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах. Грамадзянін Украіны Мікалай Швец, якога абвінавацілі ў датычнасці да дыверсіі, быццам быў затрыманы ў доме Алега Сычова ў вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавета.
Бізнэсоўца з Ваўкавыска будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
Уладальнік фірмы «Мегасіла» Дзмітрый Марозаў затрыманы па матэрыялах УКДБ па Гродзенскай вобласці і знаходзіцца пад вартай. У дачыненні да яго расследуюцца крымінальныя справы за нявыплату падаткаў і гвалт над міліцыянтам.
У Гродне затрымалі фатографа Валерыя Юдзіна
10 сакавіка на працы быў затрыманы Валерый Юдзін. Прычына затрымання невядомая. Валерый Юдзін — фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса «Твой город Гродно». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме. Захоўваў БЧБ-сцяг, які да 1995 года сцяг вісеў на будынку аблвыканкама.
У Гродне чэмпіёна Беларусі па кікбоксінгу судзяць за ўдзел ва ўзброеным фарміраванні
Кікбаксёра, байца ММА Паўла Абознага пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў. Верагодна, мужчына спрабаваў уступіць у полк Каліноўскага.