Навіны

Праект рэканструкцыі інтэрната «Гроднаэнерга» на Будзённага змянілі: аўтэнтычныя сцены захаваюць

Раней цяперашні простакутны ў плане будынак на Будзённага, 46 (інтэрнат «Гроднаэнерга») збіраліся цалкам разабраць, захаваўшы толькі падмурак знешняй сцяны. У абноўленым праекце ўлічылі заўвагі гісторыка і краязнаўца Мечыслава Супрона і вырашылі захаваць аўтэнтычныя сцены. Папярэдняе апісанне праекта публікавалі ў снежні 2022, з таго часу яго істотна змяніўся, заўважыў канал Urban Hrodna. Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта рэканструкцыі працягнуцца да 4 красавіка.

Замест цяперашняга будынка інтэрната «Гроднаэнерга» мусіў з’явіцца новы: Т-падобнай формы ў плане, вышынёй у тры паверхі, са скатным дахам. Такі варыянт распрацоўшчыкі бачылі прыярытэтным.

З абноўленага апісання вынікае, што пры перабудове вырашылі захаваць:

  • фрагмент знешняй сцяны вышынёй 2 паверхі з боку вул. Будзёнага;
  • фрагмента тарца будынка з паўночна-ўсходняга боку.

Паводле раней публікаваных афіцыйных звестак, цяперашні трохпавярховы будынак з’явіўся ў 1957 г. Паводле гісторыка Мечыслава Супрона — гэта моцна перабудаваны дом Горчыка мяжы XIX-XX стст. У міжваенны час тут быў інтэрнат Гродзенскай жаночай настаўніцкай семінарыі. У 1957 годзе дом моцна змяніўся: надбудавалі трэці паверх, да часткі будынка сіметрычна дабудавалі новы аб’ём. У пачатку 2000-х надбудавалі дэкаратыўны ацік і «тэрмафутра».

Будынак у 1915 г., Facebook Мечыслава Супрона

Ад першаснага будынка захаваліся арыгінальныя прапорцыі і рытм вокнаў на правым крыле.

Фрагмент вонкавай сцяны для захавання па вул. Будзёнага, справаздача па АУНА

Каб абазначыць фрагмент, які плануюць захаваць, у справаздачы па АУНА выкарысталі ілюстрацыю Мечыслава Супрона, дзе ён пазначаў межы аўтэнтычнай часткі.

У абгрунтаванні праектнага рашэння «Гроднаграмадзянпраекта» сцвярджаецца, што будынак «узведзены замест двух зблакаваных будынкаў» перыяда 1910−1945 гадоў. Пад ім чакаюць знайсці рэшткі падвалаў пач. ХХ ст.

Апісанне праекта

Як і раней, праект мяркуе:

  • рэканструкцыю будынка інтэрната з павелічэннем плошчы для камфорту максімальна магчымай колькасці людзей. Будынак павялічаць за кошт змены яго ў плане на Т-падобны з паглыбленнем у дваравую частку. У інтэрнаце змогуць жыць 72 чалавекі (у прыярытэтным праектным рашэнні запланавана 7 двухпакаёвых блокаў і 22 аднапакаёвых);
  • адвядзенне часткі будынка на першым і другім паверхах пад разлікова-даведачны цэнтр філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга»;
  • рэканструкцыю і праектаванне вонкавых і ўнутраных інжынерных сетак (ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі, тэлефанізацыі, электразабеспячэння, асвятлення, лакальнай вылічальнай сеткі, ахоўнай сігналізацыі, сістэмы ўліку электраэнергіі, відэаназірання, дамафоннай сувязі і інш.);
  • добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі з арганізацыяй пад’езда.

Пад часткай будынка прадугледжаны склеп глыбінёй 2,7 м для інжынерна-тэхнічных памяшканняў. Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра размешчаны ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах.

Агульная плошча надзела — 2221,17 кв.м. Плошча тэрыторыі ў межах працаў - 3388 кв.м.

Каля будынка зробяць адно парковачнае месца для людзей з інваліднасцю і тры агульнадаступныя. Недахоп плануюць кампенсаваць за кошт грамадскай паркоўкі насупраць. Праўда, з пачатку сакавіка частка яе занятая пад прыпынак міжгародніх маршрутак.

Будзе археалагічны нагляд

Інтэрнат размешчаны ў водаахоўнай зоне ракі Гараднічанка і на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».

Праект прадугледжвае правядзенне зямельных прац з археалагічным наглядам пры наяўнасці культурнага слоя.

Узгадненне праекта з Міністэрствам культуры не патрабуецца, бо будынак не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Навуковы кіраўнік праекта — Алег Шымбарэцкі, галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі Старога замка.

Грамадскія абмеркаванні і тэрміны будаўніцтва

Грамадскія абмеркаванні справаздачы АУНА праходзяць з 4 сакавіка па 4 красавіка. Раней іх разлічвалі завяршыць да 3 сакавіка.

З дакументацыяй па АУНА можна азнаёміцца:

  1. На афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама grodno.gov.by. Кантактная асоба — начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Дзяніс Рамановіч Конан (62−69−93, e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by).
  2. У АУПП «Інстытут Гроднаграмадзянпраект» (пр. Дзяржынскага, 2/1, 230 023, г. Гродна). Кантактная асоба — галоўны спецыяліст групы экалогіі Алена Казіміраўна Майсеня (39−87−78), e-mail: ecolog@ggp.by.
  3. У філіяле «Гродзенскія цеплавыя сеткі «РУП «Гроднаэнерга». Кантактная асоба — інжынер па ахове навакольнага асяроддзя вытворча-тэхнічнага аддзела Святлана Міхайлаўна Белая (79−28−66, e-mail: gts@energo.grodno.by).

Заяву аб неабходнасці правядзення грамадскіх слуханняў (сходу) дасылаць у гарвыканкам (62−64−66, e-mail: info@gorod.grodno.by, grodno.gov.by), кантатная асоба — Д.Р. Конан. Заявы прымаюцца цягам 10 працоўных дзён лічачы ад 4 сакавіка.

Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы прыме філіял «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга», кантатная асоба — С.М.Белая. Заявы прымаюцца цягам 10 працоўных дзён лічачы ад 4 сакавіка.

Меркаваны тэрмін пачатку будаўніцтва — травень 2023 года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024