Прафесарка з кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Канюшкевіч 12 красавіка 2023 года возьме ўдзел у канферэнцыі па ваеннай журналістыцы ў Луганскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Універсітэт знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Украіны, зараз ім кіруюць калабаранты.
Мерапрыемства, у спісе ўдзельнікаў якога знайшлася прафесарка з ГрДУ і дзве яе каляжанкі з Віцебска, называецца «Міжнародная канферэнцыя „Ваенная журналістыка ў сучасным свеце“». Пра тое, што за паняццем «ваенная журналістыка» ў гэтым выпадку хаваецца прапаганда вайны і ўзброенай агрэсіі Расіі, сведчыць шматгадовая дзейнасць расійскіх «ваенкораў». Расійскі бок выкарыстоўвае яе як сродак гібрыднай вайны, адзначае выданне MOST, якое звярнула ўвагу на імпрэзу. Сакратарка мерапрыемства — Наталля Каліна — ўзначальвае створаны ў 2021 годзе ў Луганску пры садзейнічанні расійскага фонду «Русский мир» «Кабинет Русского мира».
У спісе панэльных дыскусій канферэнцыі - «Філасофія вайны: ідэалагемы, сэнсы», «Канструяванне вобразаў удзельнікаў вайны», «Тэхналогіі асвятлення ўзброеных канфліктаў», «Вайна як камунікатыўны феномен» і «Мова вайны».
Хто такая Марыя Канюшкевіч
Прафесарка з Гродзенскага ўніверсітэта Марыя Канюшкевіч увайшла ў спіс праграмнага камітэта канферэнцыі ў Луганску. На сайце ГрДУ яна пералічана сярод супрацоўнікаў кафедры, але чытаты паведамілі Hrodna.life, што яна на пенсіі з 2019 года. Марыі Канюшкевіч 79 гадоў, нарадзілася ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Прафесарка — аўтарка 300 навуковых прац, мае дзяржаўныя ўзнагароды ў Беларусі:
- Медаль Францыска Скарыны (указ № 466 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
ад 27.09.2004 г. ). - Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2000 г.);
- Ганаровая грамата Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР (1983 г.).
Марыя Канюшкевіч з’яўляецца чальцом Рады па медыялінгвістыцы Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Пецярбурскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Расіі, чальцом Акадэміі сацыяльных і педагагічных навук у Маскве (пасведчанне № 796).
Канюшкевіч вядомая тым, што яшчэ ў траўні 2004 года рабіла лінгвістычную экспертызу ўлёткі на запыт следчага Упраўлення КДБ Беларусі па Гродзенскай вобласці. Вынікі экспертызы Канюшкевіч сталі доказам па крымінальнай справе за абразу прэзідэнта. Паводле яе гродзенца Валера Леванеўскага асудзілі на два гады пазбаўлення волі.
У гродзенскім універсітэце працавала з 1976 года. Пазначана ў спісе рэдкалегіі «Весніка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы».
Хто яшчэ ўдзельнічае ад Беларусі
Акрамя гродзенскай прафесаркі, Беларусь на канферэнцыі прадставяць выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта загадчыца кафедры моваў свету Віцебскага ўніверсітэта Ірына Зайцава, якая ў 1978−1999 і ў 2003−2008 выкладала ў Луганскім універсітэце, і яе калега Елена Муратава з кафедры мовазнаўства факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.
Чытайце таксама:
- Былы прафесар ГрДУ напісаў «Беларускі дзённік» — асэнсаванне таго, што адбылося ў 2020
- Дацэнта Святлану Сілаву звольнілі з ГрДУ. Раней яе затрымлівалі па «адміністратыўцы»
- Гродзенец загінуў на вайне ва Украіне. Раней яго выгналі з ГрДУ за палітыку
- «Маша, ну мы ж з табой усё разумеем». Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы