Баржу замест моста вырашылі выкарыстоўваць, каб злучыць два берагі Нёмана ў ваколіцах базы адпачынку «Прывал» пад Гродна. Па задумцы баржа размесціцца ўздоўж берага з боку «Прывала». Пры патрэбе яна будзе паварочвацца па плыні - і ўтвараць дарогу на супрацьлеглы бераг. На ім збудуюць пірс даўжынёй 30 м. Праект заўважыў канал Urban Hrodna.
Для пераправы спатрэбяцца:
- баржа даўжынёй не менш за 50 м,
- электралябёдка для баржы-пераправы,
- трап для ўздыму і спуску на баржу,
- пірс для ўздыму і спуску на баржу на процілеглым беразе ракі,
- палі (апоры) для баржы-пераправы,
- электразабеспячэнне ад існай электрашчытавой прыбярэжнай тэрыторыі «Прывала» даўжынёй не больш за 100 м.
Шырыня Нёмана ў гэтым месцы 77−80 м.
Зараз шукаюць распрацоўніка перадпраектнай дакументацыі. Перамовы з ім пройдуць 30 сакавіка. Замоўца перадпраектных прац — тытунёвая фабрыка «Нёман», уласнік базы адпачынку «Прывал».
Перад распрацоўкай праекта сярод іншага трэба будзе:
- абследаваць тэрыторыю і правесці абмерныя працы з геадэзічнай здымкай мясцовасці,
- пралічыць грашовую кампенсацыю за шкоду жывёльнаму свету,
- пралічыць кампенсацыйныя мерапрыемствы за ўплыў на раслінны свет,
- апісаць добраўпарадкаванне і азеляненне аб’екта,
- правесці інжынерна-геалагічныя, інжынерна-гідралагічныя і інжынерна-геадэзічныя вышукі,
- пры неабходнасці распрацаваць справаздачу аб уплыве на навакольнае асяроддзе (АУНА) і правесці грамадскія абмеркаванні,
- распрацаваць тэхзаданне на закупку абсталявання,
- прайсці дзяржэкспертызу.
На перадпраектныя працы адводзяць 3 месяцы. На распрацоўку перадпраектнай дакументацыі пойдзе 120 тыс. руб. з уласных сродкаў замоўцы.
Раней хацелі збудаваць мост
У 2019 г. ішла гаворка пра пабудову велапешеходнага моста праз Нёман паміж «Прывалам» і ўрочышчам «Пышкі». Яго хацелі зрабіць даўжынёй 190 м і шырынёй 4,75 м. Мост мусіў складацца з трох сталёвых пралётаў і чатырох апор. Пралёт над ракой мусіў быць 130 м, з дзвюма сталёвымі аркамі. Праект прайшоў дзяржэкспертызу. Яго збіраліся пачаць будаваць летам 2020 г., але праект заглух.
Мастом маглі б карыстацца не толькі госці «Прывала», але і іншыя пешаходы і раварысты. А вось баржай — пакуль невядома.