Гродзенскі фатограф Ян Хведчын прыняў удзел у расійскім шоў «Сердца за любовь» на телеканале «СТС Love». Запіс свайго ўдзелу ў праграме фатограф апублікаваў у Facebook. Сам запіс праграмы апублікавалі ў чэрвені 2022 года. Удзельніцам шоў ён прывёз з Беларусі мяшкі з бульбай.
Што гэта за шоў?
Шоў «Сердца за любовь» — дэйтынг-аўкцыён. Галоўны «лот» — хлопец, які дастанецца дзяўчыне, якая прапануе за яго максімальную колькасць «сэрцаў» [валюта аўкцыёна — Hrodna.life]. Першапачаткова ў кожнай удзельніцы 1000 сэрцаў, а хлопцы ацэньваюць сабе самі ў 100, 300 альбо 500 сэрцаў.
Хлопцы павінны выйсці на сцэну і паказаць усе свае найлепшыя якасці. Пасля гэтага дзяўчаты абіраюць: адмаўляцца ад «лота» альбо змагацца за яго.
Шукаў дзяўчыну «не разумнейшую за яго»
Калі Ян Хведчын выйшаў на сцэну, ён адразу паведаміў удзельніцам, што прыехаў з Беларусі. «Які беларус без бульбы? Таму, у мяне для вас невялікі, маленькі падарунак з беларускіх градаў», — сказаў ён і падарыў кожнай удзельніцы мяшэчак з бульбай.
Хведчын расказаў, што працуе фотакарэспандэнтам: яго раніца пачынаецца ў кароўніку, а вечар — у тэатры. Ён хацеў пазнаёміцца з дзяўчынай не разумнейшай за яго, бо інакш «ім будзе вельмі нудна». Таксама хлопец сказаў, што апошні раз падарожнічаў у 2019 годзе і быў у Ніцы, дзе патрапіў на Канскі кінафестываль.
Сябе хлопец ацаніў у 300 сэрцаў. З пяці дзяўчат хлопца абралі толькі дзве, з іх ён не абраў ніводную. Але паспадзяваўся, што дзяўчатам спадабаўся яго падарунак.
Хто такі Ян Хведчын
Ян Хведчын — 26-гадовы гродзенскі фотакарэспандэнт, які працаваў у газетах «Перспектыва» і «Гродзенская праўда». Таксама працуе вясельным фатографам.