Навіны

У Новым Свеце амаль цалкам знеслі дом, які збіраліся захаваць. Як ён будзе выглядаць пасля адбудовы

З’явіліся фота праекта шматфункцыянальнага будынка па вуліцы Філарэта, 13. Арыгінальны будынак, ад якога зараз засталося толькі дзве сцяны, адбудуюць у гістарычным выглядзе. Да яго дадасца двухпавярховы аб’ём. Паводле першасных умоваў будынак мусілі захаваць, але зараз ад арыгінала засталіся толькі дзве сцяны.

Час пабудовы дома на Філарэта, 13 паміж 1934 і 1939 гадамі. Асаблівасць будынка — у наяўнасці брандмаўэра, або каменнай супрацьпажарнай сцяны. У будынку захоўваліся аўтэнтычныя аконныя рамы і дзверы. Раней на парадным фасадзе было адразу тры ўваходы, да перабудовы захоўваўся толькі адзін.

Пасля дабудовы новага двухпавярховага аб’ёму 8,7×19,5 м у задняй частцы будынка яго агульная плошча павялічыцца з 150 да 700 кв. м. Прастору арганізуюць па прынцыпе open space.

Зараз ад арыгінальнага дома засталося толькі дзве сцяны. Арку таксама «часова» знеслі. Яе адбудуюць, але меншай, чым яна была раней, каб у двор маглі заехаць аўто, піша «Вячэрні Гродна». За будынкам з’явіцца паркоўка на 6 машына-месцаў.

Ад маскіроўкі задняй прыбудовы «пад даўніну» архітэктары адмовіліся прынцыпова.

«Новае — гэта новае, а старое — гэта старое. Па нашай задуме аб’ект стане месцам сустрэчы старой і сучаснай архітэктуры, і пры гэтым яны не будуць канфліктаваць паміж сабой і з суседнімі будынкамі», — падзяліліся прадстаўнікі архітэктурнага бюро «Інтелсток Інжынірынг», якія рыхтавалі праект.

Гістарычны будынак мусілі захаваць ў пачатковым выглядзе і не зносіць за выключэннем аднаго элемента. Фасад планавалі адрэстаўраваць і ўдасканаліць, драўляныя элементы — абнавіць або замяніць, — прыводзіў канал Urban Hrodna апісанне праекта, апублікаванае «Вячэрнім Гродна». Пазней публікацыя змянілася. «Па праекце гістарычны будынак разбяруць, пакінуўшы толькі дзве цагляныя кантавыя сцены (яны называюцца брандмаўэры). Драўляная частка, як паказалі даследаванні, прагніла і страціла апорную здольнасць, таму яе цалкам разбяруць. Аднак усё будзе адноўлена ў зыходным выглядзе. Прычым драўляныя элементы фасада таксама будуць вернутыя на месца ў строгай адпаведнасці з арыгіналам», — так цяпер выглядае апісанне.

Чаму стары будынак амаль цалкам зруйнавалі

Абследаванне паказала, што захаваць арыгінал ужо немагчыма, распавёў для Urban Hrodna замоўца будаўніцтва. У 2018 годзе будынак ужо быў прызнаны аварыйным і стаяў без жыхароў. Праект, па якім зараз ідзе рэканструкцыя, зацвердзіў Мінкульт.

Будынак будзе выглядаць гэтак жа, як знесены драўляны, але трохі вышэйшым, падзяліўся заказчык будаўніцтва. Для пабудовы выкарыстоўваюць матэрыялы з негаручай прапіткай, бо са звычайнага дрэва нельга будаваць па пажарных нормах. Будоўлю плануюць завяршыць у чэрвені 2023 года.

Будынак не з’яўляўся помнікам архітэктуры. Але разам з суседнімі захоўваў унікальнае аблічча Новага Света — квартала, дзе захавалася драўляная забудова 100-гадовай даўніны. Гэты раён уваходзіць у ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна. Тут нельга змяняць планіровачную структуру, узводзіць высокія будынкі. Умовы аўкцыёну, праз які прадавалі будынак у 2020 годзе, забаранялі рэканструяваць яго без выкарыстання гістарычнага модуля.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025