У касцёле Маці Божай Ружанцовай ў аграгарадку Солы (Смаргонскі раён) зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле». Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў Вітэк Корыбут-Дашкевіч. Фрэску ўжо аднойчы зафарбоўвалі - у савецкія часы.
Што на фрэсцы «Цуд на Вісле»
На фрэсцы выяўлена Варшаўская бітва 1920 года — пераломны момант савецка-польскай вайны. Тады польскія войскі спынілі наступ Чырвонай арміі на подступах да Варшавы. На фрэсцы можна ўбачыць святара, які малітвай узмацняе вайскоўцаў.
Фрэску намалявалі ў 1920-х гадах. З прыходам савецкай улады яе замалявалі. Яе аднавілі і асвяцілі нанова толькі пасля распаду Савецкага саюза ў 1990-х гадах. Акрамя фрэскі «Цуд на Вісле» ў касцёле ёсць выявы абароны Яснагорскага манастыра ад шведаў у 1655 годзе.
Каму не спадабалася фрэска
У снежні 2022 года на тэлеканале «Беларусь 1» апублікавалі сюжэт. У ім прапагандыстка Ксенія Лебедзева абурылася наяўнасці гэтай фрэскі ў касцёле. На яе думку, яна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці». Маўляў, «асобныя служыцелі клапоцяцца не аб ратаванні душы, а аб вяртанні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы».
Чытайце таксама: І - Іконы Свята-Пакроўскага сабора. 5 фактаў пра сюжэты з новапакутнікамі, што пацярпелі ад бальшавікоў