На сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі 22 лютага дэпутат Ігар Марзалюк задаў генпракурору Андрэю Шведу пытанне наконт актыўнасці ў сацсетках «блогераў-псеўдапатрыётаў». Пра гэта напісала прэс-служба парламента. Вольга Бондарава з Гродна абурылася выказваннямі дэпутата і ў адказ таксама напісала зварот у пракуратуру.
Марзалюк наступае
«Ігар Марзалюк звярнуў увагу генеральнага пракурора на актыўнасць у сацыяльных сетках групы „блогераў-псеўдапатрыётаў“, якія публікуюць матэрыялы, што выказваюць негатыўнае стаўленне да беларускай дзяржавы, культуры і мовы, і папрасіў органы пракуратуры даць прававую ацэнку такой дзейнасці», — сказана ў паведамленні.
Ігар Марзалюк — доктар гістарычных навук, прафесар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.
Чытайце таксама: Марзалюк: парламент будзе працаваць над новай Канстытуцыяй, патрэбныя рэферэндумы правядуць
Некалькімі днямі раней на СТБ Марзалюк заклікаў да папулярызацыі беларускай мовы.
«Ну, гэта ўжо проста нейкае нацысцкае дно. Што ён нясе? Гэта дакладна дэпутат парламента? Парламента краіны, дзе паводле Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы? Якая яшчэ «пазітыўная дыскрымінацыя» рускай мовы, пан Марзалюк? Вы што, наогул ку-ку? Украіны вам мала?" — адрэагавала інфаспецназаўка з Гродна Вольга Бондарава.
Вараніца падтрымлівае
У канале ў яшчэ адной праўладнай актывісткі з Гродна, Святланы Вараніцы, Вольга пад псеўданімам Інгеборга Радзівілаўна выказвалася за «нармальную» і «адзіную» дзяржаўную мову для Беларусі.
Святлана Вараніца — намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», «Чалавек года Гродзеншчыны» ў 2021-м.
На думку Вараніцы, тое, што робіць Бондарава — гэта «прасоўванне ідэй шавінізму і (або) здрада інтарэсам Беларусі як суверэннай дзяржавы». Таксама яна лічыць, што «Вольга Бондарава зусім бессаромным чынам займае чужое месца на дзённай форме навучання, якое фінансуецца ў тым ліку з падаходнага падатку грамадзян краіны».
Бандарова не здаецца
Раніцай 23 лютага Вольга Бондарава зрабіла ход у адказ супраць Марзалюка і яго адносін да беларускай і рускай моў. У сваім канале яна апублікавала зварот у Генеральную пракуратуру. У дакуменце Бондарава піша:
«Лічу сваім абавязкам звярнуцца ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай даць прававую ацэнку выказванням дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Марзалюка, якія ён зрабіў
21.02.2023 г. у эфіры перадачы „Па сутнасці“ на СТБ. У прыватнасці, выказванняў, якія апраўдаюць дыскрымінацыю адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь».
Чытайце таксама:
- Русафобскія погляды, біялагічная зброя, «расхістаць Беларусь». Што кажуць пра вайну ва Украіне чыноўнікі, спартсмены і праўладныя актывісты
- Навукоўцы напісалі падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці
- Неравнодушный БРСМ и активист компартии. Что за граждане пикетировали под консульством Польши против закрытия «Берестовицы»