У Гродне паведамілі аб затрыманні дзвюх групаў незаконных мігрантаў «усходніх нацыянальнасцяў». Іх знайшлі ўчастковыя інспектары. А з 15 па 17 лютага ў Беларусі правялі Рэспубліканскае комплекснае мерапрыемства «Нелегал». Дакладную колькасць затрыманых не назвалі.

«Грамадзяне ўсходніх нацыянальнасцяў», якія прыехалі ў Гродна, «хаваліся на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна», але іх «вылічылі» ўчастковыя, адзначаюць у рэпартажы. У адным з выпадкаў прычынай разглядаў стаў канфлікт з жыхарамі дома.

мигранты
Афармленне недакументаваных мігрантаў. Скрыншот рэпартажу «Гродна Плюс»

Асаблівую ўвагу замежнікам, якія не маюць рэгістрацыі і пры гэтым пражываюць у Гродне, надалі падчас правядзення мерапрыемства «Нелегал». У выніку затрымалі дзве групы недакументаваных мігрантаў, распавяла намесніца начальніка аддзела грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Гродна Лілія Краўчук. На відэа «Гродна Плюс» бачна, як людзі дрэмлюць у калідоры ўстановы.

У Беларусі затрымліваюць нелегальных мігрантаў - у Гродне знайшлі дзве групы. Палітыка змянілася?
Недакументаваныя мігранты ў Гродне. Скрыншот рэпартажу «Гродна Плюс»

Да затрыманых ужылі дэпартацыю ў добраахвотным парадку. Траіх змясцілі ў ІЧУ Кастрычніцкага РУУС для высвятлення асобы. «Выяўлены парушэнні міграцыйнага заканадаўства сярод грамадзян Туркменістана, Узбекістана і Таджыкістана. Замежныя грамадзяне прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Штраф накладзены ў суме больш за 1300 беларускіх рублёў», — удакладніла Лілія Краўчук і парэкамендавала замежнікам выконваць міграцыйнае заканадаўства Беларусі.

Да гэтага затрымалі амаль 100 чалавек пад Мінскам

Да гэтага, 18 лютага, міліцыя паведаміла пра затрыманне групы з 94 нелегальных мігрантаў на аграсядзібе пад Менскам. Іх затрымлівалі з АМАПам. Мігранты аказаліся грамадзянамі Алжыра, Афганістана, Егіпта, Емена, Ірака, Сірыі, Марока і Пакістана. Яны заехалі ў Беларусь з Расіі без беларускіх візаў наземным транспартам, а затым планавалі перабрацца ў Еўропу. Людзей часткова ўжо дэпартавалі, часткова затрымалі для высвятлення асобы. 54 замежнікі атрымалі адміністрацыйныя штрафы і права добраахвотна пакінуць краіну. У чацвярых ўжо была забарона на ўезд у Беларусь, атрыманая раней.

Па законе, большасць замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь, павінны зарэгістравацца на працягу 10 каляндарных дзён.

А вось як ішлі справы яшчэ год таму

Абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі, якія спрабавалі незаконна перасекчы польскую, літоўскую і латышскую межы з боку Беларусі, доўжылася амаль год. 26 траўня 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць». Імавернасць таго, што Беларусь у адказ на санкцыі Захаду праз палітвязняў пачне прапускаць мігрантаў, разглядалася экспертамі яшчэ ў 2011 годзе. Плынь мігрантаў з Блізкага Усходу павялічылася ў траўні 2021. За 2021 год іх стала больш у 4 разы, чым было да таго. Колькасці авіярэйсаў з усходніх краін у Беларусь таксама павялічылі. У адказ памежнікі суседніх краін атрымалі права адпраўляць назад мігрантаў, якія нелегальна ўехалі з Беларусі. Беларускія памежнікі не перашкаджалі спробам перасекчы межы ЕС з боку Беларусі, а міграцыйная служба не цікавілася наяўнасцю рэгістрацыі ў гэтых замежнікаў.

Больш за ўсё замежнікаў спрабавалі трапіць праз Беларусь у Польшчу, не хаваючы, што далей паедуць у Нямеччыну. Польшча ўвяла надзвычайнае становішча каля мяжы з Беларуссю 2 верасня 2021 года. Яно закранула 183 населеных пункта і дзейнічала да лета 2022. Таксама ў 2021 годзе Польшча пачала будаваць на мяжы з Беларуссю металічны плот да 5 м даўжынёй у 186,25 км. Раней агароджу на мяжы з Беларуссю пачалі ўладкоўваць Літва і Латвія. Латвія захоўвае рэжым надзвычайнага становішча на мяжы да гэтага часу.

Праз збор групы ў некалькі тысяч мігрантаў каля мяжы ў лістападзе 2021 Польшча закрыла памежны пераход «Кузніца"("Брузгі»). Мігранты зладзілі штурм, пасля якога засталіся стаяць лагерам ля нейтральнай паласы. Пазней беларускі бок усё ж размясціў іх у транспартна-лагістычным цэнтры побач з пунктам пропуску. Туды прывозілі гуманітарную дапамогу і прыязджаў Лукашэнка, афіцыйная прэса называла прыезджых уцекачамі. Мігранты пакінулі лагістычны цэнтр толькі ў сакавіку 2022. Частку з іх эвакуявалі рэйсам з Мінска ў Эрбіль, іншыя чакалі наступных рэйсаў. Памежны пераход у Кузніцы зачынены і цяпер.

Чытайце таксама: Некоторые пришли пешком, визы просрочены, понимают, что их используют. Что рассказали мигранты из лагеря под Гродно

Пра спробы незаконнага перасячэння мяжы і арышты людзей, якія ўдзельнічаюць у злачынных схемах перавозкі мігрантаў далей на Захад паведамляюць дагэтуль. Беларускі бок паведамляе пра смерці людзей на мяжы і вінаваціць у гэтым памежнікаў краін ЕС.