Былога гродзенскага сілавіка будуць судзіць за здраду дзяржаве. У Гродне затрымалі прадпрымальніка Андрэя Аліева. Да 15 гадоў калоніі атрымалі абвінавачаныя па справе «Рабочага руху». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 13 па 19 лютага.
У Лідзе частку вуліцы Ленінская перайменавалі ў гонар Мітрапаліта Філарэта
Перайменавалі частку вуліцы Ленінскай ад скрыжавання з вуліцай Савецкай да скрыжавання з вуліцай Качана. Цяпер яна носіць імя мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі. У студзені 2021 года ён памёр пасля перанесенага каранавіруса.
Раней у яго гонар перайменавалі частку вуліцы Горкага ў Гродне.
Адпаведны ўказ апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У палітвязня Паўла Мажэйкі - сляды ад кайданкоў і ўдару
У Мажэйкі па-ранейшаму на руках сляды ад кайданкоў і след ад удару пад левым вокам. Гэта заўважыла яго маці падчас спаткання з сынам у СІЗА турмы № 1 Гродна. Жонка палітвязня Ірына Чарняўка лічыць, што гэта засталося яшчэ ад катаванняў пры затрыманні.
Размова маці і сына адбывалася праз шкло і тэлефонныя навушнікі, паведамляе «Гарадзенская праваабарона» са спасылкай на жонку палітвязня.
Павал — журналіст, культурны дзеяч з Гродна. Яго затрымалі ў жніўні 2022 года і змясцілі ў СІЗА. Артыкулы, па якіх ён праходзіць, не разгалошваюцца.
На брата Юліі Сліўка з страйкаму «Гроднапрамбуд» аказваюць ціск
Роднага брата Юліі, які жыве ў Беларусі, пастаянна арыштоўваюць і «прыпісваюць крымінальныя артыкулы далёка не па палітыцы». Пры затрыманні ў яго пытаюць «Як там сястра? Можа, дзякуй ёй скажаш?», расказала Юлія ў эфіры «Еўрарадыё».
У брата ёсць крымінальнае мінулае, за якое ён ужо панёс пакаранне. «З ім абыходзяцца горш, чым з палітвязнем. Яго білі - не ў камеры, каб гэта не фіксавалася і не злілося. Самі мне пра гэта пішуць і распавядаюць: як яго білі, як не кармілі, ён схуднеў, як яго з адмарожанымі нагамі ганялі па марозе голым і босым. <…> Ты або прыязджаеш, або мы пакажам цябе труп твайго брата».
Брат жыў у Расіі да 2022 года і не мае беларускага пашпарта. Па словах Юліі, брата правакуюць на бойкі, калі ён прыходзіць «адзначацца» ў міліцыю. З’ехаць у Расію ён не можа: яго пададуць у вышук і вернуць у Беларусь, альбо адправяць на вайну, мяркуе Юлія.
Палітвязня Мікалая Дзядка змясцілі ў ШІЗА турмы № 1 Гродна на 7 сутак
Адміністрацыя турмы № 1 змясціла палітвязня Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 7 сутак. Папярэднія 7 сутак ШЫЗА Мікалай адбыў у студзені. Прычыны — невядомыя, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Мікалая затрымалі 11 лістапада 2020 года, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго прысудзілі да пяці гадоў зняволення. 28 чэрвеня палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Урача Яўгена Бужынскага са Смаргоні асудзілі да 6 гадоў зняволення
Таксама 57-гадовы лекар УГД са Смаргоні заплаціць штраф у 50 базавых велічынь (1850 рублёў). Дзяржабвінаваўца прасіў для яго 8 гадоў калоніі. Прысуд вынеслі 13 лютага ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе MAYDAY.TEAM. Мужчыну вінавацілі па шасці артыкулах КК:
- арт. 369 — Знявага прадстаўніка ўлады,
- арт. 368 ч. 2 — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
арт. 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, - арт. 361 ч. 3 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеяннящ, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь,
- арт. 366 ч. 2 — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак,
- арт. 367 ч. 2 — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
КДБ ўнёс палітвязня ў спіс «тэрарыстаў».
З кастрычніка 2020 года па чэрвень 2022 года ён размясціў у YouTube больш за 100 паведамленняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці. Таксама заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, і мер абмежавальнага характару. Там жа былі паклёп і абразы ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, паведаміла пракуратура Гродзенскай вобласці.
Песню гродзенскай групы ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Песню гродзенскага гурта «Ласты Кусто» — «Наш дом Беларусь» Мінінфарм унёс у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта адбылося 7 лютага 2023 года па рашэнні суда Гомельскага раёна.
70-гадоваму Васілю Дземідовічу дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе
У судзе Дзяржынскага раёна агучылі прысуд 70-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Яго абцінавацілі па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», паведамляе «Вясна».
Паколькі раней палітвязня ўжо асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 2 710 рублёў.
У канцы чэрвеня КДБ ўнёс Васіля ў «тэрарыстычны спіс» — цяпер ён самы сталы беларус-«тэрарыст». Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму.
Андрэю Сцепаненка, які адбывае пакаранне, прапанавалі звярнуцца ў цэнтр занятасці
«І вось сёння ўжо першы прызнак хуткага сканчэння срока — прынеслі паперу аб тым, што гарадзенскі цэнтр занятасці будзе рады аказаць свае паслугі, калі я раптам захачу да яго звярнуцца 🙂 На календары пакуль яшэ толькі люты пачаўся, а ўжо адчуваецца вясна, пахне чабор;)», — напісаў палітзняволены.
У лісце ён да гадавіны затрымання ўспамінае, як трапіў у ІЧУ і СІЗА, сваё хваляванне, як яго раптам адпусцілі - і зноў затрымалі.
У красавіку 2022 года гродзенца асудзілі на паўтара года калоніі за каментар у чаце выпускнікоў, дзе было 10 чалавек. Супрацоўнік РАУС пры затрыманні адкрыў чат выпускнікоў-ліцэістаў і ўбачыў там каментар, які палічылі абразай прэзідэнта (арт.368 КК).
Гродзенца затрымалі за абразлівыя каментары ў адрас супрацоўнікаў міліцыі
Раней яго дадзеныя размясцілі ў Telegram-канале «Поступи по совести». Яму напісалі і прапанавалі «пайсці здацца і пазбегнуць пакарання». Мужчына праігнараваў паведамленне.
Павышэнне ўрача, што падтрымлівае вайну
Галоўны ўрач Мастоўскай ЦРБ Аляксандр Козіч пайшоў на павышэнне — стаў галоўным урачом Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы
Козіч — член «Белай Русі». Telegram-канал «Беларусь головного мозга» выклаў некалькі скрыншотаў з яго Instagram. Сярод іх — сімвал Z і заклікі «дапамагчы народу Украіны вызваліцца ад нацысцкай улады». Цяпер акаунт галоўнага лекара закрыты.
Новыя «тэрарысты»
Алег Завадскі і Валянцін Дуброўшчык з Гродзенскай вобласці змешчаныя ў спісах «тэрарыстаў». Яны сталі абвінавачванымі па арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».
Ліквідацыя арганізацый
Грамадскае аб’яднанне «ФутбаЛайф» ліквідуюць праз суд. 24 лютага ў Гродзенскім абласным судзе пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі арганізацыі па заяве Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, заўважыў Telegram-канал «Право имеют». Арганізацыю зарэгістравалі ў 2020 годзе ў Лідзе. Па стане на 1 студзеня 2022 года ў ёй было 10 чалавек.
Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Байцоўскі клуб Варац Цім» таксама ліквідуюць праз суд. Пасяджэнне аб ліквідацыі арганізацыі пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 24 лютага. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Жанна Краўчанка.
Арганізацыя працавала ў Гродне больш за 10 гадоў. У аб’яднанне на 1 студзеня 2022 года было 10 чалавек. Арганізацыя праводзіла лігі адзінаборстваў. Заснавальнік — беларускі спартсмен Дзмітрый Варац, які займаецца тайскім боксам і кікбоксінгам. Чэмпіён свету сярод аматараў і прафесіяналаў. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа.
Кірылу Сусліну вынеслі прысуд у Гродне
31-гадовага палітвязня Кірыла Сусліна асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе 17 лютага, паведамляе «Вясна». Яго затрымалі за каментары па «справы Зельцара», абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», ч. 1 арт. 361−4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», ч. 1 арт. 368 «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Кірыла асудзілі на два гады і пяць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд вынеслі па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — абвінавачванне змянілі. Па некаторых артыкулах прайшоў тэрмін даўніны прыцягнення.
Праз некалькі месяцаў Кірыл будзе дома, улічваючы ўтрыманне ў СІЗА.
Судовы працэс, які пачаўся 6 лютага, вёў суддзя Віталь Кулеш.
Новыя палітвязні
Анатоль Лявонік, Павел Свірбутовіч, Андрэй Мацонка прызнаны палітзняволенымі.
У Гродне затрымалі бізнэсоўца Андрэя Аліева
Сілавікі паведамілі, што мужчына затрыманы па арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і абразу «кіраўніцтва краіны» (верагодна, гаворка пра арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады»). Таксама паказалі тэлефон хлопца, дзе ён быў зарэгістраваны ў плане «Перамога».
Затрыманы займаецца продажам геліевых шароў.
Аляксандр Любянчук змешчаны ў «спіс экстрэмістаў»
Журналіст Аляксандр Любянчук з в. Крывічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці і яшчэ 25 чалавек 17 лютага былі змешчаныя ў «пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Вынеслі прысуд фігурантам «Рабочага руху». Сярод іх ёсць і гродзенцы
17 лютага ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуды 10 палітвязням і абвінавачаным па справе «Рабочага руху». Іх абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве і па шэрагу іншых артыкулаў. Сярод іх — чацвёра гродзенцаў: супрацоўнікі «Гродна Азот» і «Хімвалакно».
Гродзенскаму КДБ не хапае памяшканняў для следчых дзеянняў: плануюць пашырыць будынак
Каля будынка Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці на вуліцы Тэльмана, 10 хочуць узвесці прыбудову. Да будынка КДБ на вуліцы Тэльмана, 10 плануюць дабудаваць трохпавярховую прыбудову плошчай 12,7×6,8 м з падземным паверхам. Яна будзе ў адзінай стылістыцы з паўночна-заходнім крылом будынка 1990 года пабудовы, каля якога яе плануюць узвесці.
На першым паверсе хочуць размясціць памяшканні для правядзення следчых і іншых працэсуальных дзеянняў. На другім і трэцім — адміністрацыйныя памяшканні, па чатыры кабінета на паверсе. На падземным паверсе плануюць пракласці інжынерныя камунікацыі.
Былога гродзенскага сілавіка будуць судзіць за здраду дзяржаве
Гродзенца Андрэя Шкляра будуць судзіць за здраду дзяржаве і разгалошванне дадзеных следства. Андрэю Шкляру 38 гадоў, ён працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС у Гродне. Незадоўга да арышта ён падаў рапарт на звальненне, бо быў нязгодны з тым, як працуе сістэма. Затрымалі Шкляра ў лістападзе 2021 года.
Тавары знікнуць, транспарт падаражэе, а Пачобута наўрад ці выпусцяць хутка. Эксперты — пра эфекты ад закрыцця «Баброўнікаў»
Гродзенцы ўжо адчулі на сабе закрыццё апошняга ў вобласці пункта пропуску на беларуска-польскай мяжы. Кошты квіткоў выраслі амаль на 40%, час у чарзе ў «Привалцы» ў выхадныя вырас да 32 гадзін. Hrodna.life спытаў у эканамісткі Анастасіі Лузгінай і палітолага Валянціна Балюка, якіх эфектаў варта чакаць далей ад памежнага канфлікту Польшчы і Беларусі.
Неабыякавы БРСМ і актывіст кампартыі. Што за грамадзяне пікетавалі пад консульствам Польшчы супраць закрыцця «Бераставіцы»
У адказ на закрыццё памежнага пункта пропуску «Бераставіца» «актывісты» 13 лютага зладзілі пікет каля генконсульства Польшчы ў Гродне. «Каля будынка Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне сабраліся гараджане: прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і людзі старэйшага ўзросту», — напісала «Гродзенская праўда». Выданне «Наша Ніва» вывучыла фота і відэа і прыйшла да высновы, што выпадковых людзей на акцыі не было.
У пункце пропуску «Райгардарс» заблакавалі два грузавікі з угнаеннямі «Гродна Азот»
Пасля паўночы 14 лютага (па Мінску) прадстаўнікі «Рабочага Руху» з беларускімі актывістамі заблакавалі ўвоз на тэрыторыю ЕС прадукцыі «Гродна Азот». Мытня Літвы правядзе службовую праверку па факце пропуску фур з прадукцыяй «Гродна Азота». «Цяпер абставіны здарэння ўдакладняюцца, а на літоўскай мытні пачатае дасудовае расследаванне магчымага парушэння міжнародных санкцый», — паведаміла прадстаўніца мытні Літвы Ліна Лаўрынайцітэ-Грыгене. Пакуль ідзе расследаванне, больш інфармацыі журналістам не дадуць.
Гродна — другі найлепшы для жыцця горад Беларусі, але трапіў у антылідары па рэпрэсіях
Гродна працягвае ўтрымліваць другое месца сярод гарадоў Беларусі з найбольш устойлівым і пры гэтым дынамічным жыццём. Пры тым па выніках 2022 года Гродна вылецела з дзясяткі гарадоў з найлепшай эканамічнай сітуацыяй і трапіла ў антылідары па рэпрэсіях у дачыненні да гараджан.